Аўтамабільны раз’езд

Каля вёскі Гарадзішча ў мінулую пятніцу казуля трапіла пад машыну. Напачатку восьмай гадзіны вечара жыхар Клецка ехаў на аўтамабілі «Нісан-мікра» па аўтадарозе Р-43 з боку Слуцка ў накірунку Івацэвічаў, калі пад колы яго машыны раптам выскачыла дзікая жывёла. Вадзіцель 1996 г.н. не паспеў адрэагаваць і наехаў на казулю.
У ДТЗ людзі не пацярпелі, транспартны сродак атрымаў механічныя пашкоджанні.

У дзеяннях вадзіцеля парушэнняў не выяўлена: пасля сутыкнення машыны з дзікай жывёлай ён паведаміў пра здарэнне ў міліцыю, і на месца аварыі выехалі супрацоўнікі АДАІ.

На наступны дзень у восем гадзін вечара на пад’ездзе да райцэнтра вадзіцель аўтамабіля «Опель-Астра» збіў веласіпедыста, які рухаўся па правай паласе дарогі. Папярэдне ўстаноўлена, што ДТЗ адбылося пры сустрэчным раз’ездзе дзвюх машын. Пацярпелы дастаўлены ў райбальніцу. Вадзіцель аўтамабіля 1986 г.н. быў цвярозы. Пры медыцынскім аглядзе веласіпедыста ў яго крыві выяўлена 2,2 праміле алкаголю, а на двухколавым транспартным сродку катафот устаноўлены толькі на заднім балотніку.
Згодна пункта 149 главы 20 правілаў дарожнага руху вадзіцелі веласіпедаў і мапедаў пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці павінны ўключаць на транспартным сродку спераду фару (ліхтар), якая выпраменьвае белае святло, ззаду – чырвоны ліхтар. Акрамя таго, веласіпед павінен быць абсталяваны люстэркам задняга віду, спераду мець катафоты белага колеру, а ззаду – чырвонага, па баках – аранжавыя святлоадбівальнікі. Усе гэтыя меры перасцярогі – для агульнай бяспекі і каштуюць значна танней, чым здароўе і тым больш жыццё чалавека.

У нядзелю не пашанцавала вадзіцелю з Баранавічаў. Яго машыну, што стаяла на абочыне аўтадарогі каля вёскі Бярэзкі, заднім бамперам прычэпа зачапіў грузавы МАЗ. У ДТЗ ніхто не пацярпеў. Транспартныя сродкі атрымалі механічныя пашкоджанні. Абодва вадзіцелі цвярозыя.
Аляксандр АНІКЕВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.