Паветрана-кропельная небяспека. 24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Сучасная медыцына даўно навучылася змагацца з гэтай небяс-печнай хваробай. Канешне, захваральнасць шматразова зменшылася, але па-ранейшаму гэта інфекцыя з’яўляецца пагрозай для чалавека і чалавецтва.
Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў Ляхавіцкім раёне застаецца напружанай: захворваемасць ім за 2018 год склала 27,5 на 100 тысяч насельніцтва, у той час як па Брэсцкай вобласці гэты паказчык склаў 18,6. Летась у раёне выяўлена сем новых выпадкаў туберкулёзу органаў дыхання. З іх шэсць у сельскіх жыхароў.
Туберкулёз перадаецца паветрана-кропельным шляхам, як грып або ВРЗ. На ранніх стадыях чалавек адчувае сябе абсалютна здаровым. Першыя прыкметы туберкулёзнай інтаксікацыі – павышаная стамляльнасць, субфебрыльная тэмпература, калі градуснік паказвае 37-37,2, пачынаецца хранічнае пакаш-ліванне, якое зацягваецца на тыдні, ці з’яўляецца кашаль з выдзяленнем макроты, слізістай ці слізіста-гнойнай у  нязначнай колькасці, магчыма, з прымессю крыві. Гэта суправаджаецца незразумелай стратай вагі; зніжэннем ці адсутнасцю апетыту; пастаянным вельмі моцным потавыдзяленнем; апатыяй; задышкай пры невялікіх фізічных нагрузках. Нярэдкія выпадкі, калі туберкулёз развіваецца па тыпу пнеўманіі. Таму пры падазрэннях неабходна звяртацца да ўрача.
Туберкулёз можа паражаць розныя органы і тканкі чалавека: вочы, суставы, скуру, ныркі, кішэчнік і г.д. Але часцей за ўсё – у 90 працэнтах выпадкаў – туберкулёзная інфекцыя «б’е» па органах дыхання. Асабліва вялікай рызыцы заражэння падвяргаюцца людзі, якія працяглы час знаходзяцца ў кантакце з хворым у памяшканні, якое дрэнна пра-ветрываецца. Ад моманту пападання мікабактэрыі інфекцыі да праяўлення хваробы можа прайсці ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.
Здаровы лад жыцця і паўнацэннае харчаванне адносяцца да прафілактыкі туберкулёзу. Разнастайныя дыеты ўплываюць на аслабленне імунітэту, асабліва выключэнне з рацыёну бялкоў, на якіх імунітэт будуецца. Чалавек павінен рацыянальна і своечасова харчавацца, у вясеннія месяцы прымаць полівітаміны, захоўваць правільны рэжым працы, весці здаровы лад жыцця, у прыватнасці, займацца фізкультурай, загартоўвацца, адмовіцца ад курэння, наркотыкаў, злоўжывання спіртнымі напіткамі. Нельга забываць пра правілы асабістай гігіены. Трэба рэгулярна праводзіць вільготную ўборку, праветрываць жылыя памяшканні.
Каб не падвергнуць сябе і блізкіх небяспецы, неабходна рэгулярна абследавацца самім, настойваць, каб гэта рабілі і вашы блізкія.
Калі чалавек усё ж захварэў, ён павінен ведаць: туберкулёз лечыцца. Выздараўленне назіраецца ў сярэднім праз год-два пасля пачатку лячэння.
Прафілактыка туберкулёзу трымаецца на трох асноўных прынцыпах: выключыць дрэнныя звычкі; своечасова праходзіць флюараграфічнае абследаванне; весці здаровы лад жыцця.

Таццяна МАЛЯР, урач фтызіятр.