У Ляхавічах учора імчалі пажарныя і хуткая дапамога, спяшаліся міліцыя і сапёры. Куды?

Не арсенал, але …
Імчалі пажарныя і хуткая дапамога, спяшаліся міліцыя і сапёры. А ўсё пасля таго, як у РАУС паступіла паведамленне ад жыхаркі райцэнтра, што яе муж у доме па вуліцы Чкалава збіраецца ўзарваць гранату. Прыбыўшыя на месца супрацоўнікі РАУС знайшлі ў адным з пакояў вучэбную гранату, а ў гаспадарчай пабудове – вучэбны авіяцыйны патрон. “Зброя” канфіскавана.

Крадзёж праз інтэрнэт
Праз несанкцыянаваны доступ да персанальнай старонкі ляхавічаніна ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” невядомы ўкраў з яго карткі 436 рублёў. Раённы аддзела Следчага камітэта ўзбудзіў супраць віртуальнага злодзея крымінальную справу (частка 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса).

Грошы заплаціў, а мэблі не дачакаўся
Папярэднюю аплату ў памеры больш за дзве тысячы рублёў за новую мэблю перадаў ляхавічанін дырэктару прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “АайтЛайн”. Аднак, мэблі так і не дачакаўся. Супраць махляра, які да тагож трапіў у поле зроку міліцыі не ўпершыню, узбуджана крымінальная справа УСК па горадзе Мінску.

Мак: прапіска гарадская
Вечарам 16 ліпеня ў райцэнтры падчас правядзення аперацыі “Мак” супрацоўнікі міліцыі выявілі на прысядзібным участку на плошчы пяць квадратных метраў пасевы маку агульнай вагой 450 грамаў. Незаконная расліна знішчана.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.