«Выканаць жалезабетонна». Пасля рэспубліканскай селектарнай нарады, на якой былі пастаўлены задачы на ўборачную кампанію, Прэзідэнт праінспектаваў ход жніва ў трох рэгіёнах. Адпраўнай кропкай стаў Веткаўскі раён Гомельшчыны


Аляксандр   Лукашэнка ў час наведвання гаспадаркі «Вясёлка-Агра»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач перад профільнымі ведамствамі і кіраўніцтвам рэгіёнаў.

Выкананне  плана – закон

Завяршаючы селектар, Кіраўнік дзяржавы нагадаў удзельнікам нарады аб планах на сёлетнюю ўборачную кампанію: збожжавых і зернебабовых неабходна сабраць 8,672 мільёна тон, рапсу – 766,3 тысячы тон, ільновалакна – 52,6 тысячы тон, цукровых буракоў – каля 5 мільёнаў тон, кукурузы на зерне – 1,717 мільёна тон, бульбы – 1,1 мільёна тон, агародніны – каля 600 тысяч тон.
«Гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Выкананне плана, які вызначаны, – закон».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кантралюючыя органы павінны звяртаць увагу не на колькасць камбайнаў, якія ўдзельнічаюць у работах, а на выкананне плана на ўборачную: «Дзяржзаказ, нарыхтоўка, якасць недзе паглядзець – гэта галоўнае».

Папоўніць кармавы рэзерв

«Мы ў мінулым неўраджай-ным годзе за зіму з’елі ўсе запасы: і не толькі збожжа, але і травяністых кармоў, якія ляжалі ў траншэях, у курганах. Трэба гэты рэзерв папоўніць», – паставіў задачу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў кожнай гаспадарцы неабходна запасці кармоў на паўтара-два гады. «І сакавітых, і сухіх», – дадаў ён.
«Запатрабаванне будзе самае жорсткае, калі вы, не дай бог, праваліце ўвод у строй сянажных траншэй. Мы гаворым: трэба нарыхтаваць, трэба нарыхтаваць. Але якасных кармоў у курганах мы не атрымаем – патрэбны траншэі. І гэты план ёсць, ён павінен быць выкананы. Пакуль па гэтым годзе ён выконваецца працэнтаў на 10-15», – канстатаваў   Аляксандр Лукашэнка.

У дапамогу – новыя тэхналогіі

«Я ўжо гаварыў віцэ-прэм’еру, хачу, каб гэта пачулі губернатары: рулонны прэс, палімерная плёнка – гэта паратунак не толькі пры нарыхтоўцы травяністых кармоў, сенажу і іншага, гэта паратунак для гультаёў. Траву скасіў, у валок згарнуў і скруціў у рулон і ў плёнку, унёс кансервант і, калі не можаш своечасова звезці, – гэта ўжо кармы, і прытым доб-рыя», – адзначыў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ёсць выпадкі, калі гэтыя прэсы толькі стаяць пад плотам, паколькі на іх проста не ўмеюць працаваць. Ён сказаў, што ўся гэта тэхніка павінна быць задзейнічана ў час уборачнай. «Гэта ўжо адносна новыя тэхналогіі, і іх трэба больш актыўна асвойваць. Кожнай гаспадарцы, дзе вы лічыце патрэбным, давесці, колькі закруціць сенажу ў палімерную плёнку, – гэта паратунак», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што тэарэтычна рэальна выйсці на ўраджай і 10 мільёнаў тон, калі ўсё акуратна ўбраць і перавыканаць план па кукурузе, сабраўшы каля 2 мільёнаў тон зерня. Аднак для гэтага важна тэхналагічна правільна высушыць яе. «Мы таксама ведаем, як гэта рабіць: плюшчыце кукурузу і закладваеце ў поліэтыленавыя рукавы. Мы ведаем, колькі ў нас плюшчылак, іх прадукцыйнасць, мы вырабляем у краіне поліэтыленавыя рукавы – ужо дэфіцыту няма, – звярнуў ён увагу. – Гэта танна, трэба гэтым займацца».

Аляксандр  Лукашэнка ў час размовы з жыхарамі Веткі
 

Без дысцыпліны – нічога не выканаць

На думку Прэзідэнта, дабіцца высокіх вынікаў у час уборачнай кампаніі можна толькі пры адпаведнай дысцыпліне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць барацьбу з п’янствам у гаспадарках. «Трэба дапамагчы кіраўнікам, таму што размовы, што рынак усё адрэгулюе, нас прывядуць не туды, – лічыць ён. – Асаблівую ўвагу – утрыманню тэхнікі. Гэта найважнейшае пытанне, гэта велізарныя грошы».
Прэзідэнт рэзюмаваў, што правядзенне ўборачнай кампаніі, якой удзяляецца павышаная ўвага, не павінна перашкаджаць асенняй сяўбе, тым больш пакуль надвор’е спрыяе гэтым работам.

БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

У ТЭМУ

У Брэсцкай вобласці да верасня плануецца пабудаваць каля 160 траншэй для захоўвання кармоў, паведаміў старшыня абл-выканкама Анатолій Ліс пасля рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю.
«У мінулым годзе мы пабудавалі 260 траншэй. Сёлета плануем каля 160. Дапамагаем з бюджэту, крэдытныя сродкі выдаём, гаспадаркі самі працуюць, – сказаў Анатолій Ліс. – Кармоў нарыхтавалі ўжо на 15 працэнтаў больш за аналагічны перыяд мінулага года, 9,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Заканчваем цяпер другі ўкос траў. Праблем з травяністымі кармамі не бачу». Губернатар дадаў, што ад засухі пацярпелі пасевы кукурузы. З-за недахопу вільгаці загінула больш за 5 тысяч гектараў гэтай культуры. Цяперашнія ўмовы надвор’я садзейнічаюць атрыманню неабходнага аб’ёму зялёнай масы.
У Брэсцкай вобласці плануецца нарыхтаваць 1,8 мільёна тон кармавых адзінак травяністых кармоў, ці 28,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.