Акваторыя з дазволам. На Ляхавіччыне 23 вадаёмы і толькі тры афіцыйныя зоны адпачынку

Куды летам у паратунку ад спякоты вядзе большасць дарог? Канешне, да воднай прахалоды. Дарослыя і дзеці спяшаюцца на рэчкі, вадаёмы, афіцыйныя зоны адпачынку і так званыя дзікія пляжы. На жаль, разам з задавальненнем купальны сезон адзначаецца і няшчаснымі выпадкамі на вадзе. Таму акваторыі ў зоне павышанай увагі выратавальнікаў, Асвода, міліцыі.

Старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач расказаў, што значная частка няшчасных выпадкаў на вадзе адбываецца з-за незахавання мер асабістай бяспекі і ў месцах, якія не кантралююцца Асводам. На Брэстчыне за паўгоддзе патануў 41 чалавек, большасць знаходзілася ў нецвярозым стане. Сярод ахвяр сёлетняй вады і 48-гадовы жыхар нашага раёна.

На Ляхавіччыне 23 вадаёмы і толькі тры афіцыйныя зоны адпачынку: на рацэ Ведзьма ў горадзе, на Шчары ў аграгарадку Дарава (абсталявана камунгасам за ўласныя сродкі) і ў дзіцячым летніку «Чайка». На іх, адпаведна, створаны і выратавальныя пасты. А на астатніх? Нягледзячы на тое, што ў многіх такіх месцах ёсць шыльды з інфармацыяй аб забароне купання, аматараў водных працэдур на свежым паветры яны не спыняюць. Аднак, па словах начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Пятроўскага, за купанне ў неўстаноўленых месцах прадугледжаны штраф.

…У адзін з нядаўніх дзён на аграгарадскім пляжы ў Дараве было шматлюдна – адпачывалі тутэйшыя, хапала прыезджых. Усе яны, асабліва дзеці, – у зоне ўвагі дзяжурнага матроса-выратавальніка, які на лодцы курсіраваў па рацэ. Трывожны момант –нецвярозыя.

Начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік нагадвае, што за распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах, у тым ліку на пляжах, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 15 базавых велічынь. Можна нават «зарабіць» адміністрацыйны арышт.

Дарэчы, тут адносна чыста, бачна, што работнікі камунгаса праводзяць штодзённую ўборку. А вось культура адпачываючых яўна кульгае: то тут, то там раскіданы пластмасавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты і іншае смецце. Нялішнім будзе напамін прыродаахоўнай службы: такія паводзіны лічацца нанясеннем шкоды навакольнаму асяроддзю і цягнуць штраф да 20 базавых велічынь.

Яшчэ адна акалічнасць: у рэчышчы Шчары шмат несанкцыянаваных зон адпачынку. Напрыклад, былы ваенны палігон недалёка ад вёскі Федзюкі, наступная – пад чыгуначным мостам, каля былога піянерлагера «Арляня». Але бадай самы папулярны сярод дзікіх пляжаў – на вадасховішчы Мінічы. На шыльду «Купанне забаронена» мала хто звяртае ўвагу. Купаўся, купаюся і буду купацца, агучыў пазіцыю многіх адзін з аматараў паплаваць. Такая неабачлівасць надзвычай небяспечная. А калі раптам здарыцца бяда, чалавек пачне тануць?

Спадзявацца давядзецца на дапамогу толькі такіх жа адпачываючых, бо прафесіяналаў-выратавальнікаў з Асвода тут няма: пост не прадугледжаны. Міліцыянера на пастаяннае дзяжурства не паставіш – у вартавых правапарадку хапае сваёй работы. А можа, ёсць сэнс арганізаваць і тут афіцыйную зону адпачынку з выратавальным пастом, штотыднёвым заборам вады для вызначэння яе прыгоднасці для купання, неабходнай інфармацыяй і г.д.?

Пакуль жа, як і ў папярэднія гады, рэйдавыя групы ў складзе міліцыянераў і прыродаахоўнікаў інспектуюць не толькі афіцыйныя, але і несанкцыянаваныя папулярныя сярод ляхавічан і гасцей раёна месцы адпачынку ля вады.

Галіна КАНЬКО.