Рыбалка – гэта не столькі важкі ўлоў… Як сабраць рыбны «ўраджай» і не стаць парушальнікам

Штрафное хобі


Намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Траяноўскі паведаміў, што сёлета ўзбуджана крымінальная справа па факце незаконнай здабычы рыбы. У красавіку жыхар Ляхавіцкага раёна на вадасховішчы Мінічы браканьерыў – лавіў рыбу сеткай. Супрацоўнікі Баранавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі парушальніка, калі ён ужо вылавіў 71 рыбіну. Браканьер асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Акрамя таго ён заплаціў штраф у памеры 50 базавых велічынь.
Па інфармацыі начальніка Баранавіцкай міжрайінспекцыі Андрэя Ячніка, з пачатку года на водных аб’ектах Ляхавіччыны зарэ-гістраваны 12 фактаў парушэнняў правілаў рыбалоўства і два выпадкі незаконнага захавання рыбалоўных прылад – пераважная большасць з іх на вадасховішчы Мінічы. У многіх выпадках садзей-нічанне прыродаахоўнай службе ў выяўленні браканьераў аказалі супрацоўнікі вартавой аховы вадасховішча. У парушальнікаў адабрана шэсць сетак агульнай даўжынёй 260 метраў і іншыя незаконныя прылады для рыбалоўства.
Дарэчы, падчас акцыі па добраахвотнай здачы забароненых для рыбалоўства прылад жыхары Ляхавіцкага раёна здалі больш за два кіламетры сетак.
У студзені два мясцовыя рыбакі на мініцкім вадасховішчы закінулі сеткі. У выніку кожны заплаціў штраф па 20 БВ. Праз месяц аналагічны выпадак зарэгістраваны на рацэ Мышанка недалёка ад аграгарадка Востраў. Усяго адна вылаўленая сеткай рыба каштавала рыбаку вельмі нятанна – 20 базавых.
7 чэрвеня, зноў жа на вадасховішчы Мінічы супрацоўнікі Баранавіцкай міжрайінспекцыі затрымалі мужчыну, які выкарыстоўваў забароненыя прылады і спосабы лоўлі. А гэта штраф у памеры ад 20 да 50 БВ з канфіскацыяй прылад.
Асобная размова пра аўтамабілі ля вадаёмаў, часам адно што не з коламі ў вадзе. За такі «камфорт» прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь. Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі адзначыў: у мінулым годзе складзена тры пратаколы на парушальнікаў-аўтамабілістаў, сёлета – адзін.

На вадасховішчы Мінічы

Мінічы на слыху


Вадасховішча Мінічы вабіць аматараў адпачынку з вудачкай: уловы тут важкія і прырода цудоўная. Яшчэ пяць гадоў назад быў аб’яўлены конкурс на перадачу Мінічаў у арэнду. Тады права стаць часовым уладальнікам угоддзяў атрымала прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Мыслабаж» (кіраўнік Наталля Бярнацкая).
У 2015 годзе ў вадасховішчы праведзена зарыбленне: выпушчана 2500 малькоў таўсталобіка, які, дарэчы, ачышчае вадаём ад водарасцяў, і 625 – белага амура. Зарыбленне пасля рабілі неаднойчы.
Наталля Бярнацкая расказвае, што тут стараюцца стварыць зручныя ўмовы не толькі для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, а і для рыбаловаў: добраўпарадкавана тэрыторыя, устаноўлены альтанкі і навесы для адпачынку, мосцікі, уладкаваны кастрышчы, пастаўлены мангалы. Пабудавалі домік для адпачываючых – так з рыбацкага адпачынак стаў сямейным. Аматары рыбалкі прыязджаюць сюды не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і са Слуцка, Салігорска, Мінска. Кошт адной пуцёўкі – дзесяць рублёў (для пенсіянераў і дзяцей напалову танней). Жадаеце вудачку, выратавальную камізэльку ці нават лодку – усё можна ўзяць напракат.
Тэрмін арэнды гэтага вадасховішча – 10 гадоў (да 2025 года). Ён можа быць спынены, калі арандатар не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі. Па словах Андрэя Ячніка, супрацоўнікі Баранавіцкай міжрайінспекцыі перыядычна манітораць сітуацыю па добраўпарадкаванні тэрыторый вадасховішчаў. Да ПУП «Мыслабаж» у прыродаахоўнай службы прэтэнзій няма. Раённая камісія дасканала праверыла тэрыторыю вадасховішча на адпаведнасць патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства.
А вось некаторыя рыбакі маюць зусім супрацьлеглае меркаванне наконт Мінічаў. Сцвярджаюць, што яго цяперашнія гаспадары парушаюць нормы вылаву і зарыблення. Але не столькі клопат пра захаванасць прыроды хвалюе іх, як тое, што рыбалка тут платная. Абураюцца, чаму павінны плаціць за «народныя багацці», якія заўжды былі бясплатнымі.
У Баранавіцкай міжрайінспекцыі прытрымліваюцца іншага меркавання: частка грошай за пуцёўку ідзе на добраўпарадкаванне тэрыторыі, частка – на зарыбленне.
На Ляхавіччыне нямала месцаў, дзе можна заняцца любімым заняткам бясплатна, чым многія рыбакі з задавальненнем карыстаюцца.

Пра квоты і арэнду


Намеснік начальніка райсельгасхарчу Вераніка Макаранка расказала, што кожнаму арандатару даводзяцца квоты на вылаў і продаж рыбы. ПУП «Мыслабаж», напрыклад, летась трэба было вылавіць 115 цэнтнераў рыбы (сёлета – 116), яшчэ 46 цэнтнераў планавалі для вылаву рыбакамі-аматарамі. Леташні склаў 105 цэнтнераў (у асноўным, рэалізоўваўся на баранавіцкіх рынках), сёлета пакуль 32 цэнтнеры.  
На сённяшні дзень у арэндзе знаходзяцца чатыры размешчаныя на тэрыторыі раёна водныя аб’екты. Вадасховішча Ляхавіцкае арандавала Наталля Бярнацкая, Сакуны – ААТ «Шлях новы», Востраў – ІП Уладзімір Шляйко.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Кацуба падкрэслівае: калі вадаём арандаваны, то гаспадар у адказе не толькі за добраўпарадкаванне тэрыторыі, але і за зарыбленне. Да таго, як водныя плошчы перадаюцца ў часовае карыстанне, патэнцыяльны прэтэндэнт прадстаўляе ў райвыканкам свой бізнес-план.
Усё яшчэ чакаюць арандатараў вадасховішчы Нетчын і Качайла на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета, а таксама сажалка каля Зубелевічаў.
Галіна КАНЬКО.