Тут быў Леанід Скрыцкі. 11 жніўня сваё прафесійнае свята адзначаць будаўнікі

Такі аўтограф упаўне мог бы аздобіць многія будаўнічыя пляцоўкі нашага і не толькі раёна. Але ў будаўнікоў прынята пакідаць памяць пра сябе не надпісамі, а стваральнымі справамі.

Адзін з важных будаўнічых аб’ектаў, на якім шчыруюць зараз машыніст аўтакрана Ляхавіцкай ПМК — 13 ААТ«Пінск саўгасбуд» Леанід Скрыцкі (на здымку) і яго калегі, – 40-кватэрны жылы
дом па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры. Праз некалькі месяцаў тут утульна запаляцца яркімі агеньчыкамі вокны, зазвіняць дзіцячыя галасы – колькі землякоў справяць наваселле! Пакуль жа на месцы будучага шматпавярховіка кіпіць работа.

Многім з работнікаў ПМК — 1 3 ( сёння тутэйшыкалектыў налічвае больш за 160 чалавек ) , у тым ліку машыністу аўтакрана, даводзіцца гэтым часам паспяваць і на іншых пляцоўках: будаўніцтве МТФ у вёсцы Зарытава, малочнатаварнага комплексу ў Аршанскім раёне, заняты яны і на капрамонце бункера сыравіны на мясцовым торфабрыкетным прадпрыемстве.

Наогул жа, за больш як тры дзесяцігоддзі Леанід Антонавіч майстарскі прыклаў сваю руку, дакладней, стралу аўтакрана, і да фермаў, і да Дамоў культуры, ФАПаў і бальніц, да жылых дамоў. Іх на рахунку – сотні, сярод якіх і той, у якім жыве сам – па ляхавіцкай вуліцы з красамоўнай назвай –Будаўнікоў. Заўтра тыя, у чый гонар яна атрымала назву, будуць адзначаць прафесійнае свята. Нашы віншаванні!

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.