Вольга і яе Сокалы. У сям’і ляхавічан Сокалаў у жніўні нарадзілася двойня

Першы запіс у біяграфіі гэтай сям’і датаваны 24 красавіка 2010 года, калі быў зарэгістраваны шлюб Андрэя і Вольгі Сокалаў. Потым на свет з’явіўся першынец Паўлуша, а яшчэ праз паўтара гады  сям’ярадавалася нараджэнню Уладзіка.

– Заўсёды падкрэсліваю: я і мае хлопчыкі. Гэта пра каханага мужа ісамых лепшых сыночкаў. Адчуваю сябе сярод іх сапраўднай каралевай. Праўда, вельмі хацелася раздзяліць гэта адчуванне з дачушкай, але ў сям’і атрымаўся колькасны мужчынскі прыярытэт: а ў мяне – пяцёра абаронцаў, – расказвае Вольга.

– Калісьці і не думалі станавіцца мнагадзетнымі бацькамі. Навіна, што ў нас будзе двойня, ашаламіла. Усё хваляваліся, як справімся, – далучаецца да размовы Андрэй. Паша і Улад нават крыху былі ў роспачы: хацелі сястрычку, а тут брацікі, ды яшчэ адразу два – дзяліся з імі цацкамі.

Усе сумненні і трывогі забыліся, калі сустракалі з раддома маму, якая трымала ў руках два аднолькавыя «канверты». З розніцай у некалькі хвілін 15 жніўня 2019 года нарадзіўся першым Сцёпа, за ім – Ваня. Пасведчанні аб нараджэнні № 76 і № 77 начальнік аддзела загса Вольга Новік уручыла бацьку чатырох сыноў.

Андрэй успамінае, як віншавалі яго родныя, сябры, знаёмыя, калегі: глядзелі з павагай, некаторыя з зайздрасцю, былі і такія, хто ўздыхаў, маўляў, цяжка будзе. Але ён сцвярджае: сваё – не цяжка, але надзвычай адказна і ў радасць. Упэўнены, што разам справяцца, бо яны – вялікая, дружная сям’я. Дапамагаць будуць бабулі-дзядулі, менавіта ў іх да школы гасцявалі старэйшыя хлопчыкі. Маці Андрэя Ганна Мікалаеўна афармляецца няняй – такая дапамога будзе асабліва дарэчы.

Сокалы жывуць ва ўласнай двухпакаёвай кватэры. На чацвярых месца хапала. Сітуацыя змянілася, а з ёй – і статус сям’і, якая цяпер мнагадзетная. Значыць, мае права на паляпшэнне жыллёвых умоў (чым ужо і скарысталіся – сталі на чаргу ў райвыканкаме), на атрыманне сямейнага капіталу збіраюць дакументы.

А пакуль у Сокалаў шмат штодзённых клопатаў. І хоць мнагадзетная мама адназначна запэўнівае, што чацвёра дзяцей у сям’і – гэта кропка, па голасе чуваць, што мара пра дачушку засталася.

Галіна КАНЬКО.