Наша «Восень» творчая. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшоў чарговы, юбілейны, фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень»


Самымі-самымі ў юбілейным фестывалі студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень» сталі юнакі і дзяўчаты з 22 групы ветэрынарнага аддзялення

Восень у навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа ўраджайная – асабліва ў сэнсе талентаў. Што і даказаў чарговы фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень». Сёлетні – юбілейны, дваццаць пяты.
Яшчэ да пачатку фэсту атмасфера святочнасці, здаровай канкурэнцыі, сяброўства, хвалявання дала зразумець – у агракаледжы гэта падзея чаканая, любімая і адна з самых запамінальных у студэнцкім жыцці.
Навучэнцы на падрыхтоўку не шкадавалі сіл, энергіі, часу – таму і вынік атрымалі адпаведны. Што ні нумар – то трапная гумарэска, чароўная песня ці інструментальная пяціхвілінка, шыкоўная тэатральная пастаноўка… Змагаліся не толькі за званне лепшай групы ў агульным заліку, але і за перамогу ў намінацыях. А іх у гэтага фестываля шмат: «мастацкае чытанне», «вакальнае выкананне», «тэатральнае прадстаўленне», «танцавальны жанр», «інструментальнае выкананне», «прэзентацыя групы».
Між іншым, на сцэне выступаюць навучэнцы новага набору. З гэтай нагоды – Дня пасвячэння – і прымалі віншаванні і пажаданні на лёгкую і паспяховую вучобу. А яшчэ сваім талентам даказвалі, што ні ў якім разе не саступаюць старэйшым калегам.
У відэароліках расказалі пра сябе і свае інтарэсы, чаму выбралі аграрную спецыяльнасць, з якіх раёнаў прыехалі на вучобу. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення здзіўлялі шчырасцю эмоцый, магчымасцю ў секунды перанесці то на «алімп студэнцтва», то ў аўдыторыю, дзе ў поўнай цішыні ідзе экзамен.
Вершы? Калі ласка – ці класіка, ці ўласныя. Усё могуць каляджане! А любы музычны інструмент, што трапляе ў рукі будучых аграрыяў, радуе слых, узнімае настрой і дорыць безліч эмоцый.
Вакальным даным новага набору можна толькі пазайздросціць. Ім падуладны любы жанр – поп, рок, рэп. А танцавальнае выступ-
ленне груп ператварылася ў харэаграфічны батл: сумяшчэнне стыляў, яркія вобразы, неардынарныя танцавальныя элементы і шмат іншага ў творчым арсенале каляджан.
Варта сказаць пра тых, хто горача падтрымліваў сваіх калег у глядацкай зале. Любая песня тут падхоплівалася шумнымі балельшчыкамі, і разам з салістам падпявалі ўсе. А журы часам забывала пра тое, што трэба выбраць лепшых, і проста атрымлівала асалоду ад выступленняў.


…Але перш, чым традыцыйна назваць пераможцаў, асобнае дзякуй за свята, якое падрыхтавалі навучэнцы і іх выкладчыкі. У гэты дзень з лёгкасцю можна было трапіць на некалькі гадоў назад у рамантычную студэнцкую пару: групай спяваць пад гітару чарговы хіт, «ляцець» пасля дамашніх выхадных на сустрэчу з аднагрупнікамі, хвалявацца перад сесіяй.
Самымі-самымі ў юбілейным фестывалі студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень» сталі юнакі і дзяўчаты з 22 групы ветэрынарнага аддзялення.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.БОЛЬШ ФОТА ТУТ