Тэрыторыя здароўя

«Школа – тэрыторыя здароўя» – так называецца рэсурсны цэнтр, які працуе ў Начаўскай СШ. У рамках яго дзейнасці прайшла кансультатыўна-адукацыйная акцыя «Гаворым здароўю – так!». Сумесна з прадстаўнікамі райбальніцы і райЦГіЭ настаўнікі, вучні і бацькі абмеркавалі пытанні здаровага ладу жыцця.


Мерапрыемствы адрозніваліся разнастайнасцю, былі цікавымі для кожнай узроставай катэгорыі. Пачаткоўцы праявілі свае веды ў віктарыне «Здаровыя мы – здаровая краіна». Навучэнцы 5-6 класаў атрымалі парады ад школьнага псіхолага Святланы Падгурскай. Яна расказала пра спосабы вырашэння канфліктных сітуацый і ўменне знаходзіць паразуменне з іншымі. Урач-псіхіятр Альбіна Тупальская спынілася на прычынах стрэсавых сітуацый у жыцці школьнікаў і шляхі выйсця з іх.
Падчас рэйда «Што ляжыць у тваім ранцы?» праверана іх вага. У партфелях акрамя школьных прыналежнасцяў у дзяцей знаходзіцца шмат іншага, што робіць іх цяжкімі. Перабор адмоўна ўплывае на фарміраванне правільнай постаці.
Спецыялісты райЦГіЭ вымяралі рост школьнікаў і падбіралі адпаведны памер мэблі, вучылі правільна карыстацца канторкамі. Фельчар-валеолаг Марыя Данільчык пасля паказу відэароліка «Правільнае харчаванне – залог здароўя» ўказала на плюсы і недахопы традыцыйных схем харчавання і яго гігіены ў новых сацыяльна-эканамічных умовах.
Найбольшы інтарэс выклікала дэгустацыя карысных страў школьнага меню.
Усе жадаючыя маглі атрымаць індывідуальныя кансультацыі ўрача-псіхолага, дэрматавенеролага, фельчара-валеолага. Вынікі тэматычных анкет «Ацэнка выкарыстання мабільных тэлефонаў», «Мой выбар жыць з пазіты-вам!» і г.д. будуць карысныя і медыкам, і педагогам.
Вясёлай кропкай на маршруце здароўя стаў флэшмоб «Танцуем разам». А завяршылася акцыя ўрачыстай лінейкай, на якой падвялі вынікі дня і вырашылі: берагчы здароўе трэба пачынаць ужо сёння.
Ганна ПАДГУРСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Начаўскай СШ.