Пад знакам энергіі

22 снежня 2003 года ў прафесійнае свята – Дзень энергетыка – у Ляхавічах па адрасе: Энергетыкаў, 3 пачало адлік сваёй працоўнай біяграфіі таварыства з абмежаванай адказнасцю «Трансэлектракамплект».   Сёння прадпрыемства выпускае больш як 200 найменняў электратэхнічнай прадукцыі.
Яе запатрабаванасць на айчынным і замежным рынках стабільна высокая: пакупнікі даюць зялёнае святло муфтам і іх камплектуючым, зробленым у «Трансэлектракамплекце». Прадпрыемства нарошчвае абароты, знаходзіць новыя адрасы збыту. Працаваць на склад – гэта не пра ТАА.

– Сакрэт вытворчага поспеху просты: мы выпускаем якасную, бяспечную і ў чымсьці нават эксклюзіўную прадукцыю. Наладзілі цесныя стасункі са спажыўцамі. Наш першы, галоўны і надзейны партнёр, дылер у Расіі – фірма «НеваТрансКомплект». Заключылі дамоўленасці на пастаўку муфтаў ва Украіну, электракамплектуючых – у Казахстан. Атрыманая дэкларацыя адпаведнасці на аснове
тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза пацвярджае канкурэнтаздольнасць і якасць нашай прадукцыі. Рост аб’ёмаў вытворчасці і асартыменту прадукцыі, асабліва інавацыйнай –  адна з першачарговых задач сёння і на перспектыву, – расказвае заснавальнік і дырэктар ТАА Генадзій Сакуць. 
У аснове вытворчай палітыкі прадпрыемства – прафесіяналізм кожнага на працоўным месцы і дастойная аплата за высокапрадукцыйную работу. Адна з вызначальных рыс прадпрыемства – надзейная дзелавая рэпутацыя і давер партнёраў. Падтрымаць апошняе заклікана і ўкараненне ў ТАА сістэмы менеджменту якасці СТБ ISO 9001-2009. Дарэчы, з дня на дзень у таварыстве чакаюць прадстаўнікоў фірмы, якая штогод праводзіць аўдыт на адпаведнасць патрабаванням сістэмы менеджменту.
На «Трансэлектракамплекце» заўжды клапоцяцца пра павышэнне кваліфікацыі работнікаў: вучоба і перанавучанне, курсы і стажыроўкі – працэс пастаянны.
– Планаў, мар нямала. Пашырэнне асартыменту патрабуе новага абсталявання. З’явяцца свабодныя фінансы, будзем яго набываць. Новая прадукцыя – дадатковыя рынкі збыту. Вывучаем вопыт іншых, аналізуем. Пралічваем усе за і супраць наконт выпуску гаспадарчых рэчаў з адходаў поліэтылену, – расказвае намеснік дырэктара Яўгеній Сяргей.
Тэрыторыя прадпрыемства добраўпарадкаваная, дагледжаная. Удала ўпісалася ў агульную карціну новабудоўля ў васільковым колеры – вытворчы цэх. Праведзены ўсе неабходныя камунікацыі, зараз брыгада пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксандра Гаспадуры вядзе электрамантажныя работы. Набыта і частка абсталявання.
– З нецярпеннем чакаем запуску новага цэха, дзе будуць створаны яшчэ лепшыя ўмовы для працы. Прыемна, што дырэктар клапоціцца пра гэта. Я ў «Трансэлектракамплекце» з моманту заснавання і ні разу не пашкадавала, што прыйшла сюды. Тут умеюць цаніць чалавека, – гаворыць, адна са старэйшых работніц ТАА камплектоўшчыца Галіна Сокал.
Галіну Аляксандраўну падтрымлівае вопытны электрык Аляксандр Мысла:
– Задавальняюць і графік, і ўмовы працы, і заработная плата. Пра нашы правы клапоціцца прафсаюз.
14 гадоў – стаж работы ў таварыстве камплектоўшчыка Валерыя Гнідзіна, вадзіцеля Уладзіміра Максіменкі, вядучага эканаміста Юрыя Палуянчыка, галоўнага бухгалтара Ганны Бецька.
Багаты «Трансэлектракамплект» і на сямейныя дынастыі. Анатолій Максімчык – наладчык, яго сын Яўгеній – апрацоўшчык вырабаў; Васілій Жмурко – токар, жонка Галіна –  камплектоўшчыца; Леанід Юнік – вадзіцель, дачка Таццяна – інжынер; Віталій Татарыновіч – майстар участка, а брат Аляксандр – аплётчык. Наталля Брэзіна працуе бухгалтарам, сын Рыгор – апрацоўшчыкам вырабаў з пластмасы, як і браты Аляксандр і Міхаіл Македановічы; Анатолій Кошман – токарам, яго сястра Ірына – камплектоўшчыцай.
Адно з падраздзяленняў прадпрыемства, можна сказаць няпрофільнае, але таксама запатрабаванае – магазін «Юбілейны». Гэта гандлёвая кропка – сапраўдная палачка-выручалачка і для тутэйшых работнікаў, і для жыхароў мікрараёна. У магазіне можна купіць усе неабходныя прадукты. Разнастайны асартымент, ветлівае абслугоўванне, даступныя цэны – пакупнікоў хапае, магазін прыбытковы. Як і само таварыства.
– На маю думку, беражлівасць, рост прадукцыйнасці, адказнасць кожнага за свой участак работы, падмацаваныя належнай дысцыплінай, – залог паспяховасці ўсяго прадпрыемства. Калектыў такую тактыку разумее і падтрымлівае, – зазначае Генадзій Сакуць.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Паважаныя працаўнікі   «Трансэлектракамплекта», шаноўныя ветэраны!
Шчыра віншуем з прафесійным святам – Днём энергетыка. Няхай у вашым жыцці будуць толькі прыемныя падзеі, кожны дзень напаўняецца шчасцем і радасцю, побач будуць любячыя людзі і надзейныя сябры, здароўе не падводзіць, а натхненне прыходзіць.
Дырэкцыя і прафкам   ТАА «Трансэлектракамплект».

Бухгалтарска-эканамічная і інжынерна-тэхнічная службы.

Вадзіцелі Леанід Юнік і Іосіф Валуй.

Камплектоўшчыцы Ганна Чалевіч, Людміла Ярошка, Алена Герашчанка.

Намеснік дырэктара Яўгеній Сяргей (першы злева), апрацоўшчыкі вырабаў Аляксей Такарчык,
Яраслаў Кручок, Сяргей Лойка

Токары Сяргей Іваноў, Аляксандр Абгаджава, Анатолій Кошман.

Апрацоўшчык вырабаў Сяргей Лушкевіч.

Майстар Вячаслаў Галёнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *