Закрыццё сезона. На красавіцкім пасяджэнні райвыканкама разглядаліся два пытанні

На красавіцкім пасяджэнні райвыканкама разглядаліся два пытанні: аб ходзе выканання ў раёне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і аб выніках ацяпляльнага сезона і задачах па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да асенне-зімовага перыяду 2020-2021 гадоў.

Калі на дварэ холадна, ім горача

У халодную пару года асабліва горача арганізацыям, адказным
за функцыянаванне камунальных сістэм і сетак. Для дарожнікаў, газавікоў, электра- і цеплаэнергетыкаў зімовыя ўмовы надвор’я фарміруюць сезонны фармат і стыль работы.
Ацяпляльны перыяд завяршыўся на фінішы красавіка і, як канстатавала ў дакладзе начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская, «праведзеная КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» падрыхтоўчая работа да асенне-зімовага перыяду 2019-2020 гадоў дазволіла забяспечыць устойлівую работу аб’ектаў ЖКГ, устаноў і арганізацый сацыяльна-культурнай сферы». Выпадкаў спынення цеплазабеспячэння з прычыны адсутнасці паліва або выхаду са строю катлаагрэгатаў на працягу сезона не здаралася.
Некаторыя праблемы, па словах дакладчыка, узнікалі з рэгістрацыяй пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і цепласпажыўцоў. У сувязі з чым была ўнесена прапанова аб пераносе атрымання пашпартоў на больш раннія тэрміны: для першых – да 1 верасня, для другіх – да 15 жніўня (замест 1 кастрычніка раней).
Апроч таго, што «свеціць», прыводзіць у дзеянне самы шырокі спектр машын і агрэгатаў, электра-энергія яшчэ і грэе. Як прагучала ў выступленні, ацяпляльны сезон 2019-2020 прайшоў без сур’ёзных збояў у рабоце электраэнергетычнай сістэмы раёна. За перыяд з
1 кастрычніка па 1 красавіка адбылося 7 аварыйных адключэнняў ліній электраперадачы. Персанал раёна электрасетак дзейнічаў максімальна аператыўна: сярэдні час лакалізацыі аварыйных участкаў склаў 2 гадзіны 19 мінут.
Бесперабойнасць работы раённага вузла электрасувязі, аперацыйнага і рэанімацыйнага аддзяленняў бальніцы, квартальнай кацельні ЖКГ, пазаведамаснай аховы, будынка РАУС, ЗТАА «БелДан» прадубліравана фактам устаноўкі на іх базе дызельных электрагенератараў, кожны з якіх знаходзіцца ў тэхнічна спраўным стане. У цэлым жа, па інфармацыі РАНС, у раёне налічваецца 33 аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння.
Праблемным пытаннем Ляхавіцкага РЭС і РУП «Брэстэнерга» з’яўляецца адсутнасць сродкаў тэлемеханізацыі і тэлекіравання.
Ляхавіцкі раён газазабеспячэння ўсе запланаваныя перадсезонныя рэгламенты рэалізаваў своечасова і ў поўным аб’ёме. Было наладжана безаварыйнае і бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам.
На абслугоўванні Ляхавіцкага ДРБУ-200 430,5 кіламетра аўта-мабільных дарог і больш за 150 кіламетраў сельскіх вуліц. Мінулая зіма не стала для дарожнікаў жорсткім выпрабаваннем. Але і на выпадак падобнага дарожнікі валодаюць паркам у складзе больш як двух дзясяткаў дарожнай і спецыяльнай тэхнікі. За халодны перыяд прадпрыемства па прызначэнні зрасходавала 210 тон супрацьгалалёдных матэрыялаў. Для дарожнікаў сезон прайшоў без здарэнняў.

Што вінен, аддаць павінен

З разлікамі за спажытыя паліўна-энергетычныя рэсурсы назіраецца некаторая напружанасць. Так, за першы квартал бягучага года электрычная і цеплавая энергія аплачана спажыўцамі на 96 працэнтаў. Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, найбольшы рост запазычанасці за электраэнергію на гэтым адрэзку часу дапусцілі КСУП «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і «Шлях новы». Па аператыўных даных, за прыродны газ своечасова разлічыліся ўсе спажыўцы-прамыслоўцы раёна. За выключэннем «Шляху новага», на балансе якога знаходзіцца Навасёлкаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэтым часам прапрацоўваецца пытанне пра бязвыплатную перадачу комплексу ад «Шляху новага» аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Не поўнасцю разлічыўся з партнёрамі і Ляхавіцкі камунгас. Па стане на 1 красавіка, запазычанасць раённых камунальнікаў перад пастаўшчыкамі паліўна-энергетычных рэсурсаў складала крыху больш за 150 тысяч рублёў: каля 45 тысяч лясгасу за дровы і амаль 107 тысяч торфабрыкетнаму заводу.

Сезон адкрыты

Падрыхтоўка да новага асенне-зімовага перыяду пачынаецца (ці павінна пачынацца) фактычна адразу ж з завяршэннем старога. І камунгас, і РЭС, і газавікі з дарожнікамі ўжо вызначылі спіс мерапрыемстваў, якія неабходна рэалізаваць у тэрмін і якасна.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі запатрабаваў «уключыць» для прадпрыемстваў-даўжнікоў па аплаце за электраэнергію рэжым жорсткай эканоміі. Бягучыя плацяжы неабходна ажыццяўляць своечасова, а ў адносінах запазычанасцяў павінен існаваць і выконвацца графік іх паступовага пагашэння.

Іван КАВАЛЕНКА.