Куток, дзе жыве гісторыя.У раёне ўпершыню прайшоў агляд-конкурс музейных куткоў «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем

Турыстычны патэнцыял Ляхавіцкага раёна за апошні час значна павысіўся. Адкрываюцца новыя турыстычныя маршруты, на помніках з’явіліся  QR-коды, дзякуючы якім можна хутка папоўніць веды аб мясцовых славутасцях, у раёне цяпер ёсць свой сертыфікаваны прафесійны экскурсавод.

І хоць у горадзе няма музея, дзе былі б прадстаўлены экспанаты, якія распавядаюць пра Ляхавіччыну ў розныя часы, часцінкі нашай гісторыі захоўваюцца па музеях і музейных кутках тутэйшых навучальных устаноў.

Экспазіцыі збіраліся па крупінках, дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў, выкладчыкаў і вучняў.

З 20 па 25 красавіка ў раёне ўпершыню прайшоў агляд-конкурс музейных куткоў «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем», прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і Году малой радзімы.

Арганізатарамі агляду-конкурсу выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама і цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Конкурс праходзіў у два этапы. На першым трэба было падрыхтаваць віртуальную экскурсію па экспазіцыі музейнага кутка. На другім этапе
для журы правялі вочныя  экскурсіі, падчас якіх ацэньваліся афарм-ленне экспазіцыі, артыстызм і крэатыўнасць экскурсаводаў, эстэтыка афармлення матэрыялаў і многае іншае.

А паказаць і ацэньваць ёсць што. Да арганізацыі куткоў навучэнцы і выкладчыкі падышлі творча, крэатыўна і адказна. Відаць, колькі працы ўкладзена ў кожную экспазіцыю, а каштоўнасць многіх экспанатаў цяжка пераацаніць.

У конкурсе прынялі ўдзел 12 школ горада і раёна.

Напрыклад, гімназісты на суд журы падрых-тавалі этнаграфічны куток «Вытокі». У ім прадстаўлены прадметы побыту, без якіх не магла абысціся ні адна беларуская гаспадыня: маслабойкі, цяжкія прасы, розныя збаны, плеценыя кошыкі… Адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў – фартух, выраблены прыкладна ў 1910 годзе. Яго для музейнага кутка перадала некалькі гадоў назад жыхарка Ліпска Зінаіда Іванаўна Дыдышка. Вышыўка, карункі – усё зроблена рукамі тагачасных майстрых.

Падняўшыся на другі паверх Дараўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад – сярэдняя школа», нібы трапляеш у машыну часу і апынаешся ў сялянскай хаце пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта так аформлены тут музейны куток.

У Навасёлкаўскай сярэдняй школе музейны куток баявой славы «Наша памяць пра тую вайну» прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай і нашым землякам, якія самааддана і бясстрашна супрацьстаялі захопнікам.

Экскурсію для журы правялі дзевяцікласніца Карына Галавін і кіраўнік музейнага кутка настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Наталля Гуліцкая.

Свой аповяд экскурсаводы суправаджалі аўдыязапісамі ўспамінаў відавочцаў вайны. Многія экспанаты ў куток перадалі сваякі ўдзельнікаў вайны.

Вызначыць лепшы музейны куток – задача складаная. У кожны з іх укладзены праца не аднаго дня, сабраны цікавыя экспазіцыі са сваімі «фішкамі».

Лепшым у гэтым годзе прызнаны музейны куток Ліпскай СШ. На другім месцы – куток Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Трэцяе месца падзялілі Малагарадзішчанскі ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа» і Начаўская СШ.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.