Сучасная вёска – аснова эканомікі

Да галоўнай палітычнай падзеі года застаецца ўсё менш часу.
18-19 снежня адбудзецца другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Сярод дэлегатаў і наш зямляк, які прадстаўляе інтарэсы непасрэдна нас, вяскоўцаў, людзей, якія працуюць на зямлі і забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, – аператар па штучным асемяненні жывёлы СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч. Чалавек вопытны, нераўнадушны і аўтарытэтны, які добра ведае, чым жыве сучасная вёска, і што трэба, каб яна і далей развівалася, квітнела і прыцягвала моладзь. Менавіта такія дэлегаты, якія штодня працуюць на зямлі, могуць найлепш растлумачыць, што патрэбна для росквіту беларускай вёскі.
Сельскай гаспадарцы сёння надаецца шмат увагі на дзяржаўным узроўні. Аграрыяў ушаноўваюць і падтрымліваюць. Аграрная галіна – гэта не толькі харчовая бяспека краіны, але і будучыня нашых дзяцей. Хочацца бачыць, як яны будуць працягваць справу сваіх бацькоў, як моладзь будзе выбіраць сельскую мясцовасць месцам для жыцця.
У ААТ «Нача» працую амаль чатыры дзесяцігоддзі. Тут жа шчыруюць муж і сын. На маіх вачах вырасла новая МТФ «Цэнтр», аснашчаная сучаснай тэхнікай і з цудоўнымі ўмовамі для працаўнікоў. Паступова паляпшаецца жыццё маіх землякоў і павышаецца дабрабыт.
Дзякуючы менавіта сельгаспрадпрыемству мая сям’я жыве ва ўласным доме. Шчыра радуюся, калі чытаю пра поспехі сваёй гаспадаркі і землякоў, а таксама іншых гаспадарак раёна, Брэстчыны і краіны. Усе мы разумеем, каб мець смачны хлеб на стале і піць якаснае малако, трэба добрасумленна працаваць. І вяскоўцы гатовы да гэтага.
Упэўнена, кожны дэлегат усведамляе ўскладзеную на яго адказнасць і ступень даверу, які яму аказалі. Важна надаць увагу замацаванню моладзі на вёсцы, захаванню і развіццю аграрнай спадчыны і іншым момантам. На Усебеларускім народным сходзе вызначаць напрамкі стратэгічнага развіцця краіны на бліжэйшы перыяд і зацвердзяць новую Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на
2026–2030 гады, якая, па сутнасці, стане адным з асноўных арыенціраў жыцця краіны на пяцігодку. А значыць, і нашым планам дзейнасці на заўтрашні дзень.
Людміла ЧАРАПАВІЦКАЯ, брыгадзір МТФ «Цэнтр» ААТ «Нача».

