Настаўнік! І гэтым усё сказана. У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Віншуем усіх, хто выбраў гэту высакародную прафесію
На гэтым тыдні ў Мінску завяршыўся рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года». Наш зямляк настаўнік СШ № 2 Віталій Толкач – сярод фіналістаў.

Як жа ганарова гучыць – фіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Хваляваліся за настаўніка гісторыі і грамадазнаўства СШ № 2 Віталія Толкача, трымалі кулачкі, перадавалі флюіды і моцна падтрымлівалі на адлегласці і непасрэдна падчас выступленняў не толькі вучні, калегі, знаёмыя, але і зусім незнаёмыя землякі. І ён не падвёў, выступіў дастойна.

Наш зямляк упершыню ў педагагічнай гісторыі Ляхавіччыны паказаў такі высокі вынік – заняў чацвёртае месца ў сваёй намінацыі – «Гісторыя, грамада-знаўства і геаграфія» на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства. Да прызавога трэцяга месца не хапіла ўсяго два балы. Шкада! Але ў прафесіі Віталій Толкач усяго толькі 13 гадоў (9 з якіх працуе настаўнікам у СШ № 2), так што галоўныя дасягненні, здзяйсненні і перамогі яшчэ наперадзе!
Ініцыятыўны, граматны, сапраўдны інтэлектуал, які ідзе ў нагу з часам, і бязмежна цікавы чалавек. Не дзіўна, што яго ўрокі так любяць вучні, для якіх ён не проста настаўнік, а сябар, дарадчык. Павагу калег ён таксама заслужыў сваімі адносінамі да справы, уменнем наладжваць кантакты і жаданнем вучыцца ў іншых. Вось чаму ў прафесійным поспеху Віталія Толкача ёсць і заслуга калег па СШ № 2. Ды і ўсёй вялікай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны. Гэта і пацвярджае жыццёвае крэда Віталія Толкача: «Быць з рабятамі побач і крышачку наперадзе. Сапраўдны настаўнік той, хто здольны спусціцца з вышыні сваіх ведаў да нязнанняў вучня і разам з ім ажыццявіць узыходжанне».
Разам з іншымі 63 фіналістамі конкурсу прафмайстэрства Віталій Толкач дастойна прайшоў іспыты: самапрадстаўленне, майстар-клас, правядзенне ўрока ў незнаёмым класе, самааналіз урока, комплекснае (пісьмовае) заданне на ацэнку прафесійных кампетэнцый, вопыт педагагічнай работы. Прычым у некаторых намінацыях вынік нашага земляка адзін з лепшых. Гэта пацвярджэнне прафесіяналізму і правільнасці выбранай калісьці прафесіі.
Віталій Толкач – другое пакаленне педагагічнай дынастыі і пайшоў па
шляху сваёй мамы. А зараз разам з жонкай Вольгай настаўнічае ў СШ № 2. На пытанне, чаму падабаецца працаваць настаўнікам, Віталій Аляксандравіч адказвае:
– У школе дзень непадобны на папярэдні. Тут кожны крок – крок наперад, насустрач сваім вучням, а разам з імі – да вяршынь ведаў. Работа ў школе дазваляе пастаянна адкрываць нешта новае: здзіўляцца, усміхацца, захапляцца, ствараць гісторыю.
Экскурсіі, якія Віталій Толкач праводзіць для наведвальнікаў Музея баявой і працоўнай славы СШ № 2, пакідаюць незабыўныя ўражанні і ў дарослых, і ў дзяцей. Яны прасякнуты любоўю да Радзімы, жаданнем расказаць праўдзівую гісторыю Ляхавіччыны і яе жыхароў.
– Бязмежна ганаруся, што наш калега з годнасцю прайшоў усе прафесійныя іспыты і дастойна выступіў у фінале конкурсу прафесійнага майстэрства. Гэта, бясспрэчна, вынік штодзённай мэтанакіраванай працы Віталія Аляксандравіча, асабістай зацікаўленасці, любві да прафесіі, падтрымка жонкі Вольгі Аляксандраўны, калег. Віталій Толкач – таленавіты высокаадукаваны прафесіянал сваёй справы. Дзякуй за актыўную і добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна, стваральную энергію, дэманстрацыю прэстыжу настаўніцкай прафесіі, – адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

