Служба з вострымі сюжэтамі. 5 кастрычніка – Дзень утварэння падраздзяленняў крымінальнага вышуку

Звычайны чалавек пра службу крымінальнага вышуку часта ведае тое, што паказваюць у кіно: пагоні, затрыманні, вострыя сюжэты. У рэальнасці ўсё інакш. Штодзённая карпатлівая работа
з інфармацыяй, з людзьмі і фактамі: праверка аператыўных звестак, размовы са сведкамі, аналіз запісаў камер відэаназірання і многае іншае. Фіксаваны рабочы графік – не пра сышчыкаў: трывожны званок можа прагучаць і ўначы, і ў выхадны. І на яго заўсёды трэба рэагаваць.

5 кастрычніка супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку адзначаюць прафесійнае свята. Калектыў гэтага падраздзялення крымінальнай міліцыі Ляхавіцкага РАУС малады, але ўжо мае нямала прафесійных заслуг. Большасць супрацоўнікаў у прафесіі не навічкі, за плячыма якіх не толькі дыплом Акадэміі МУС па спецыялізацыі «аператыўна-вышуковая дзейнасць», але і немалы вопыт раскрыцця складаных злачынстваў.

Узначальвае аддзяленне крымінальнага вышуку Дзмітрый Котаў. У вышуку ён дзевяць з чатырнаццаці гадоў службы, добра ведае аператыўную абстаноўку ў раёне, умее хутка аналізаваць інфармацыю, прымаць адказныя рашэнні. Разам з ім нясуць службу старшыя оперупаўнаважаныя Мікіта Біза і Уладзіслаў Зубік, а таксама оперупаўнаважаныя Максім Плошчанка, Кірыл Шклянік і Сяргей Куніцкі.

Кірыл Шклянік – малады спецыяліст, які летась прыйшоў у РАУС пасля заканчэння Акадэміі МУС і за кароткі час паспеў зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку. У зоне прафесійнай адказнасці Мікіты Бізы і пытанні наркакантролю, а таксама супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Да прафесійнага свята ён узнагароджаны нагрудным знакам «За самаадданую службу» галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Максім Плошчанка адзначаны нагрудным знакам адрознення «За прафесійныя поспехі». Уладзіслава Зубіка землякі добра ведаюць як кампетэнтнага супрацоўніка, які можа абараніць ад кіберзлачынцаў і прадухіліць іх супрацьпраўныя дзеянні. Яго веды ў гэтай сферы асабліва каштоўныя сёння, калі злачыннасць усё часцей перамяшчаецца ў лічбавую прастору.

Адзін з прыкладаў паспяховай каманднай работы ляхавіцкіх сышчыкаў – расследаванне крадзяжу ў адной з вёсак раёна, калі з дома зніклі 5 000 долараў ЗША і больш за 2 000 беларускіх рублёў. Дзякуючы аператыўнаму рэагаванню супрацоўнікі крымінальнага вышуку хутка выйшлі на след раней судзімага вяскоўца, які ўжо раней «засвяціўся» за аналагічнае злачынства па гэтым жа адрасе. З дапамогай у тым ліку рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, якая ў рэжыме анлайн распазнае асоб па фотаздымку, аператыўнікі адсачылі шлях падазронага, устанавілі адрас, дзе ён здымаў кватэру, і затрымалі яго з доказамі злачынства. Частку грошай паспеў патраціць на новы тэлефон, але большая
сума была вернута ўладальніку.
Службу ляхавіцкіх супрацоўнікаў вышуку характарызуе і нядаўні выпадак, які адбыўся ў адным з аграгарадкоў раёна. Непаўналетні, карыстаючы-ся адсутнасцю гаспадароў, у перыяд з мая выкраў з дачнага дома 13 літраў бензіну і два літры масла. Аператыўнікам ён патлумачыў, што паліва выкарыстаў.
За дзевяць месяцаў мінулага года па лініі крымінальнага вышуку ў раёне ўчынена 37 злачынстваў, сёлета за аналагічны перыяд – 28. Зніжэнне ў значнай ступені тлумачыцца шматлікімі фактарамі, сярод якіх і якасная прафілактыч-ная работа. Сёлетнія тры цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы раскрыты.

У раскрыцці злачынстваў немалая роля адводзіцца і сучасным тэхналогіям. Акрамя сістэмы распазнавання асоб, якая дазваляе знайсці чалавека па фота ці транспарт па яго нумары па ўсёй Беларусі, асобнае слова належыць генатыпаскапічнай экспертызе. Нават калі злачынец не пакінуў адпячаткаў пальцаў, на прадмеце застаецца яго генатып, і па базе даных удаецца ўстанавіць асобу.

– Калектыў аддзялення крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС – адказны, кампетэнтны і з сучаснымі ведамі. У любы час сутак гатовы да выезду. І хоць калектыў малады, тут ужо склаліся свае традыцыі: настаўніцтва, узаемавыручка і гатоўнасць прыйсці на дапамогу
ў любую хвіліну. У прафесійнае свята шчыра жадаю супрацоўнікам
і ветэранам службы моцнага здароўя і вытрымкі, надзейнага сямейнага тылу, – адрасуе віншаванні часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка РАУС Аляксей Паплаўскі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.