Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!” сёлета пройдзе з 25 жніўня па 5 верасня

Пачатку новага навучальнага года традыцыйна папярэднічае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, якое сёлета пройдзе з 25 жніўня па 5 верасня. Адзін з яго пунктаў – неабходнасць вадзіцелям аўтатранспрту ў названы перыяд ездзіць з уключаным бліжнім святлом фар незалежна ад часу сутак. Патрабаванне гэта замацавана ў Правілах дарожнага руху ( пункт 166.9). Праводзіцца спецмерапрыемства з мэтай папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Падстава для гэта самая сур’ёзная – па стане на 14 жніўня на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 33 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, у выніку якіх 37 дзяцей атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Адметна, што ў Ляхавіцкім раёне такіх фактаў няма. І гэта вынік мэтанакіраванай і сістэмнай прафілактычнай работы. З пачатку года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 800 парушэнняў ПДР, з якіх 51 – гэта нецвярозыя вадзіцелі. Прыцягнуты да адказнасці 54 пешахода, з іх 40 знаходзіліся “пад градусам”, сем не мелі святлоадбівальных элементаў. 123 вадзіцеля не былі прышпілены рамянём бяспекі, 21 перавозілі дзяцей без спецыяльнага крэсла.

Падчас прафілактычнай акцыі супрацоўнікі АДАІ узмацняць кантроль за выкананнем ПДР вадзіцелямі паблізу школ і дзіцячых садоў, дзе будуць раніцай і ў іншы час дзяжурыць міліцыянеры, члены БРСМ, педагогі. АДАІ асаблівую ўвагу надасць захаванню вадзіцелямі хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходных пераходаў, дарожных скрыжаванняў, бяспечнай перавозкі дзяцей.

Будуць рабяты выконваць дарожныя правілы ці не, у значнай меры залежыць ад бацькоў – іх асабісты прыклад у гэтым вызначальны. Мама ці тата павінны растлумачыць сыну ці дочцы, чаму на дарозе небяспечна і пастаянна нагадваць правілы бяспечных паводзін.

Аляксандр АНІКЕВІЧ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.