Загсу ўсе ўзросты падуладныя. І ў органаў загса ёсць свой дзень нараджэння, які адзначаецца 18 снежня

І ў органаў загса ёсць свой дзень нараджэння, вось ужо 102 гады ён адзначаецца 18 снежня. Хоць аднойчы, але кожны з нас паспеў пабываць у такой установе. Хтосьці ў якасці жаніха ці нявесты, шчаслівыя бацькі атрымліваюць тут пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, некаторыя ў якасці гасцей падчас узяцця маладымі шлюбу. Прыходзяць сюды і па жалобнай прычыне…

Па адрасе плошча Перамогі, 3 спецыялісты ва ўтульных прыгожых кабінетах заўжды ветліва сустрэнуць, прафесійна і граматна адкажуць на ўзнікшыя пытанні, дадуць слушную параду ці рэкамендацыю.
– Сюды звяртаюцца, каб падаць заяву на скасаванне шлюбу, змяніць імя ці прозвішча, аднавіць страчанае па-сведчанне аб шлюбе ці нараджэнні, атрымаць юрыдычную кансультацыю. Таксама мы ўносім выпраўленні, змяненні і дапаўненні ў запісы актаў грамадзянскага стану, – удакладняе спецыфіку работы начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Для яе вось ужо 14 гадоў гэта дзяржаўная ўстанова – месца любімай работы. Напэўна, няма такога артыкула ў Кодэксе аб сям’і і шлюбе, які б Вольга Іванаўна грунтоўна не патлумачыла. Наведвальнікі загса адзначаюць яе кампетэнтнасць, паважлівыя адносіны і ўменне знайсці кантакт з суразмоўцам. А як цудоўна яна праводзіць урачыстую рэгістрацыю шлюбу!
Зусім нядаўна Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама адрасавала Падзяку Вользе Новік за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх і стабільных паказчыкаў у рабоце. Перш за ўсё, работнік аддзела загса – юрыст, таму павінен ведаць заканадаўства не толькі сваёй краіны, але быць у курсе замежнага. Тым больш, што павялічваецца колькасць шлюбаў, у якіх жаніх ці нявеста – замежныя грамадзяне.
Шчырасць, адкрытасць, прафесіяналізм – візітная картка супрацоўнікаў Ляхавіцкага загса: начальніка Вольгі Новік і галоўнага спецыяліста Святланы Сталярчук.
Мяняецца час, пэўныя змены тычацца і загсаў. Напрыклад, некаторы час тутэйшыя работнікі не займаліся скасаваннем шлюбаў, але з 2013 года такую функцыю дабавілі зноў. За гэты год загсам скасавана дзевяць шлюбаў. Вольга Новік адзначае, загсы могуць правесці такую пра-цэдуру пры ўмове, калі муж і жонка не маюць непаўналетніх дзяцей, абодва згодныя на скасаванне шлюбу, не маюць маёмасных спрэчак.
І ўсё ж прыемнага ў загсаўскай рабоце куды больш. Павялічылася нараджальнасць.
– Калі ў мінулым годзе за 11 месяцаў па раёне выдадзена 153 пасведчанні аб нараджэнні, то сёлета за аналагічны перыяд – 194. Хлопчыкаў на свет з’явілася 102, дзяўчынак – 92. У 69 сем’яў бусел прынёс першынца, у столькі ж – другое дзіця, у 34 – трэцяе, у 14 – чацвёртае, у чатыры – пятае, у тры – шостае. Іншы раз даводзіцца ўгаворваць бацькоў не даваць тое ці іншае імя, каб у дзяцей у будучым не было праблем, – расказвае Вольга Новік.
Апошнім часам мяняецца і ўзрост маладажонаў – жаніхі і нявесты становяцца старэйшымі. Сёлета толькі аднойчы давялося рэгістраваць шлюб, у якім нявеста была маладзейшая за 18 гадоў.
Ёсць у загса найкаштоўнейшы скарб – архіў, дзе захоўваюцца дакументы, што выдаваліся з ліпеня 1944 года – там зафіксавана больш за 26 тысяч запісаў.
Віншуем загс і яго супрацоўнікаў з днём нараджэння, жадаем толькі прыемных запісаў!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З узнагародай!

Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, узорнае выкананне службовых абавязкаў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і ў сувязі з Днём утварэння органаў загса ўзнагародзіць кіраўніка справамі Крывошынскага сельскага выканаўчага камітэта Галіну Салодкую.