Тры стагоддзі педагогаў. З 1882 года, можна лічыць, пачаўся адлік вялікай педагагічнай дынастыі Буцько
Менавіта ў гэты год у вёсцы Буды сённяшняга Ляхавіцкага раёна нарадзілася Лізавета Шыпко. Дзяўчына вучылася ў царкоўна-прыходскім вучылішчы, а потым працяглы час настаўнічала на сваёй малой радзіме ў Будаўскай пачатковай школе, а дзеці і іх бацькі называлі яе паважліва Лізавета Максімаўна. Тут, у роднай вёсцы, яна знайшла і сваю другую палавіну – мужа Фелікса Буцько, з якім выхавалі чацвёра дзяцей. Маці-настаўніца вучыла іх грамаце, дабрыні, сціпласці, справядлівасці. А бацька прывіваў працавітасць і любоў да роднай зямлі.

Адзін з сыноў – Іосіф пайшоў па слядах маці і стаў настаўнікам.
З 1961 па 1979 год Іосіф Феліксавіч працаваў на Ляхавіччыне ў Падлес-кай сярэдняй школе настаўнікам працоўнага навучання, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі.

Праз гады настаў час трэцяга пакалення педагагічнай дынастыі Буцько. З 13 унукаў Лізаветы Максімаўны пяцёра «пайшлі» ў настаўнікі. Прычым чацвёра з іх усё сваё прафесійнае жыццё
працавалі на адным месцы. Міхаіл Буцько 28 гадоў узначальваў вучэбна-вытворчы камбінат у Ляхавічах, Ганна Шпак 34 гады выкладала хімію ў Куршынавіцкай СШ, Таццяна Малышка тры дзесяцігоддзі шчыравала выхавальнікам у Ляхавіцкім дзіцячым садку, Людміла Юруць больш за 30 га-доў была настаўнікам матэматыкі Тальмінавіцкай СШ. І праз усё жыццё кожны з іх пранёс любоў да дзяцей, прафесіі, павагу да людзей, якія ім прывівала бабуля Лізавета. Простую аксіёму – дапамагаць людзям, спачуваць чужой бядзе – унукі Лізаветы Максімаўны перадалі сваім дзецям, а тыя наступным пакаленням.
І праўнукі родапачынальніцы настаўніцкай дынастыі Буцько гавораць сваё важкае слова ў педагогіцы. З 28 праўнукаў 12 выбралі жыццёвай справай сеяць разумнае, добрае, вечнае. Сёння яны працуюць у розных навучальных установах, у розных куточках Беларусі. Але большасць з іх засталася на сваёй малой радзіме.
Цікавы факт пра сямейную дынастыю Буцько: калі да ўсіх унукаў і праўнукаў бабулі Лізаветы далучыць іх мужоў і жонак, якія настаўнічаюць, то ўвогуле атрымаецца 27 педагогаў! Сёння ў гэтай сямейнай дынастыі ёсць выхавальнікі дзіцячых садкоў, настаўнікі матэматыкі, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі, пачатковых класаў, працоўнага навучання, фізкультуры, сацыяльныя педагогі і псіхолагі – сапраўдная сямейная школа. Не дзіўна, што часта сямейныя святы ператвараюцца ў імправізаваную педагагічную нараду, дзе разважаюць, а іншы раз і спрачаюцца пра новыя тэхналогіі ў навучанні і падыходы ў выхаванні падрастаючага пакалення, пра метады і прыёмы ў выкладанні розных школьных прадметаў. І як бы ні мяняўся і ні ўдасканальваўся школьны працэс, на першым плане – жывое слова настаўніка, яго мудрасць, разважлівасць і любоў да прафесіі.
– З якой асалодай успамінаю свае прадметныя і жыццёвыя ўрокі ў школе. Няма большага шчасця для настаўніка, чым бачыць удзячныя вочы дзяцей, адчуваць, што твае веды і парады прыносяць плён. Ніколі не пашкадавала, што выбрала менавіта прафесію педагога. Надзвычай ганаруся, што дзевяць маіх вучняў таксама сталі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Многія з іх сёння мае калегі, і мы разам працуем у сістэме адукацыі роднай Ляхавіччыны і ўпэўнены, што настаўнік – самая высакародная прафесія, – адзначае дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Святлана Якубоўская (адна з вялікай дынастыі Буцько), якая больш за чвэрць стагоддзя працуе ў сістэме адукацыі Ляхавіцкага раёна.
314 гадоў – столькі аддалі навучанню і выхаванню ў школах раёна прадстаўнікі розных пакаленняў дынастыі Буцько.
Людміла ХМАРУК, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць з прафесійным святам – Днём настаўніка – усіх, хто працуе ў педагагічнай сферы раёна, і ветэранаў галіны

