Свет не без добрых людзей

Дабрачыннасць, міласэрнасць, мецэнацтва – у гэтых слоў ёсць адзінае значэнне – дапамагаць тым, каму гэта неабходна. Нягледзячы на разнастайныя эканамічныя санкцыі ці іншыя неспрыяльныя падзеі як сусветнага, так і лакальнага маштабу, беларусы ніколі не застаюцца ўбаку ад праблем землякоў. З году ў год з асаблівай шчырасцю і натхненнем ляхавічане разам з усёй краінай удзельнічаюць у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Адчувальная роля неабыякавых людзей і падчас падрыхтоўкі юных гараджан і вяскоўцаў да новага навучальнага года.
– Да чаго ж заўжды радуюцца выхаванцы, калі прыходзяць нашы даўнія госці-сябры. І незалежна ад таго, адбываюцца сустрэчы на свежым паветры, як летась напярэдадні Дня інвалідаў, ці ў гасцях у казкі падчас навагодняга ранішніка. Ад імя выхаванцаў і работнікаў цэнтра гаворым словы падзякі за дапамогу, падтрымку, уважлівасць і падарункі супрацоўнікам райаддзелаў міліцыі і Следчага камітэта, цэнтра банкаўскіх паслуг № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк», ПГУП «Арт-Наталі», раёну газазабеспячэння, аддзелу дэпартамента аховы, ТАА «Трансэлектракамплект» і іншым, – расказвае дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Маслоўская.


Радасцю свяціліся вочы рабят з дамоў сямейнага тыпу, калі са шматлікімі падарункамі – самакатамі, ролікамі, мячамі – напярэдадні Новага 2023 года да іх завітаў ад імя ўсяго калектыву
дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
– Не будзе перабольшаннем сказаць, што многія ўстановы і прадпрыемствы з гатоўнасцю адклікаюцца на дапамогу ўстановам адукацыі. У першую чаргу, гэта тычыцца падрыхтоўкі школ і дзіцячых садкоў да новага навучальнага года. Адчувальная дапамога сельгаспрадпрыемстваў, а таксама торфабрыкетнага і малочнага заводаў, «Трансэлектракамплекта» і іншых. Зараз ідзе завяршальная стадыя рамонтна-аднаўленчых работ у аздараўленчым лагеры «Чайка». Першымі, хто адгукнуўся на заклік аб спонсарскай дапамозе, сталі ЗАТ «Белпрампрыбор» і ТАА «Трансэлектракамплект», – адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
З году ў год усё большую папулярнасць набывае традыцыйны дабрачынны канцэрт «Калі мы разам!», які ў межах акцыі «Нашы дзеці» арганізоўвае народная эстрадная студыя «Экспрэс». Сабраныя за продаж білетаў сродкі адпраўляюцца на матэрыяльную падтрымку ЦКРНіР.
У час дабрачыннай рэспубліканскай акцыі «Ёлка жаданняў», арганізаванай Таварыствам Чырвонага Крыжа, калектывы ТЦСАН, РАНС, райбальніцы, малочнага завода, ААТ «Шлях новы»,
«ТБЗ Ляхавіцкі», ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», установы адукацыі, сельвыкан-камаў закупілі салодкія падарункі і харчовыя наборы, цацкі для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі.
Не абышлося без спонсараў на адкрытым турніры СДЮШАР па дзюдо сярод хлопчыкаў і дзяўчынак «Ляхавіцкі волат». Прадпрымальнік Віталій Манахаў і ПУП «Вікторыя» падрыхтавалі прызы юным спартсменам.
Узаемавыручка, дапамога – так можна назваць адносіны паміж ААТ «Жараб-ковічы» і ўстановамі культуры і адукацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыях, што ўваходзяць у склад гэтага сельгаспрадпрыемства. Гаспадарка дапамагае фінансава – з набыццём касцюмаў, апаратуры, правядзеннем мерапрыемстваў.
Не застаюцца па-за ўвагай і грамадзяне пажылога ўзросту, асабліва адзінокія і адзінока пражываючыя – ім дапамагаюць харчовымі наборамі, бытавымі сродкамі першай неабходнасці.
Усім светам – супраць агульнай праб-лемы. Так можна ахарактарызаваць агульныя намаганні прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны, якія аб’ядналіся, каб аказаць дапамогу ўстановам аховы здароўя раёна.
Увогуле, калі вярнуцца на некалькі гадоў назад, калі бушаваў каранавірус, спонсарская дапамога прадпрыемстваў і арганізацый раёна Ляхавіцкай ЦРБ была значнай і далёка не лішняй. Так,
ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс» пералічылі на дабрачынны рахунак Ляхавіцкай ЦРБ значную суму для набыцця рэспіратараў. Дзякуючы некаторым індывідуальным прадпрымальнікам і гандлёвай сетцы «Пяты элемент» былі набыты пральныя машыны ў інфекцыйнае і хірургічнае аддзяленні бальніцы і аддзяленне хуткай дапамогі. Усё гэта паспрыяла таму, што пасля змены ва ўмовах кавіда медыкі не насілі адзенне мыць дамоў, а рабілі гэта непасрэдна ў бальніцы. СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» за ўласныя сродкі тады набылі спецадзенне для медыкаў.
Народным можна па праве назваць і адзін з аўтамабіляў у парку спецтэхнікі, што знаходзіцца на службе аддзялення хуткай дапамогі райбальніцы. Аўтамабіль набыты за спонсарскія сродкі. Галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч нагадаў, што ў 2020 годзе ў набыцці абноўкі дапамаглі прадпрыемствы і арганізацыі нашага раёна: СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі»,
ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», «Трансэлектракамплект».
Наогул, прыгадваць дабрачынныя справы землякоў і арганізацый, і простых людзей можна доўга. І хочацца верыць, што справа гэта будзе мець працяг.

Галіна КАНЬКО.