Надзейная заслона ад кіберзлачынцаў. ПГ у працоўных калектывах нагадалі, што для барацьбы з кіберпагрозамі неабходна не толькі лічбавая граматнасць, але і элементарная пільнасць

ІПГ у працоўных калектывах нагадалі, што для барацьбы з кіберпагрозамі неабходна не толькі лічбавая граматнасць, але і элементарная пільнасць
У сучасным свеце, дзе лічбавыя тэхналогіі ўвайшлі ва ўсе сферы жыцця, пытанні кібербяспекі становяцца крытычна важнымі для кожнага чалавека. Тэме «Кібербяспека і прафілактыка кіберзлачыннасці» быў прысвечаны адзіны дзень інфармавання, які прайшоў на мінулым тыдні. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі гаварылі пра асноўныя кіберпагрозы і метады абароны ад іх. Актуальную тэму з работнікамі ААТ «Жарабковічы» абмяркоўвала ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза.
– Сёння махляры выкарыстоўваюць розныя спосабы і распрацоўваюць хітрыя схемы, на якія пападаюцца і нашы землякі, у выніку губляюць немалыя сродкі. Для барацьбы з кіберпагрозамі неабходна не толькі лічбавая граматнасць, але і элементарныя пільнасць і здаровы скептыцызм. Лепшая абарона – праверка інфармацыі праз афіцыйныя крыніцы, – падкрэсліў Мікалай Мароз.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак нагадала: кожны павінен усвядоміць і запомніць, што службовыя асобы не тэлефануюць насельніцтву ў сацсетках ці ў месанджарах. І калі кіраўнік прадпрыемства ніколі не пісаў свайму падначаленаму, напрыклад, у тэлеграме, а тут пачынае перапіску, то варта выйсці з ім на сувязь і ўдакладніць.
Якія існуюць віды махлярства і як ім супрацьстаяць, што рабіць пры падазроным званку, чаму нельга пераходзіць па невядомых спасылках і перадаваць свае пашпартныя даныя, СМС-коды чужым людзям – адказы на гэтыя і іншыя пытанні даў оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Мікіта Біза.
Ён расказаў, што махляры часта прадстаўляюцца службовымі асобамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў і банкаўскіх арганізацый, тэлефануюць ад імя «Белтэлекама» і «Белпошты», работнікаў газавай і іншых службаў, мабільных аператараў пад маркай заканчэння тэрміну дагавора і прапануюць для яго падаўжэння паведаміць персанальныя даныя, а затым і лічбавы код з СМС. Пасля перадачы кода з ахвярай звязваецца саўдзельнік аферыста, выдае сябе за прадстаўніка праваахоўных органаў і запалохвае, што чалавек перадаў асабістыя даныя, і на яго імя будуць аформлены крэдыты. А каб іх пазбегнуць, прапануе аформіць сустрэчныя крэдыты і атрыманыя грошы перавесці на ўказаны рахунак ці банкаўскую карту.
Статыстыка кіберзлачынстваў па раёне сведчыць, што некаторыя нашы землякі па-ранейшаму вераць аргументам тэлефонных махляроў: сёлета зарэгістравана 39 кіберзлачынстваў, і гэта на 21 працэнт больш мінулагодняга ўзроўню. З 39 здарэнняў падазроныя асобы ўстаноўлены па 11 фактах. Сітуацыя ўскладняецца тым, што часцей за ўсё злачынцы знаходзяцца за межамі Беларусі – на тэрыторыі Украіны, Расіі і іншых краін.
Махляры працягваюць выкарыстоўваць схему «Алё, мама!». У такіх выпадках чалавеку па тэлефоне паведамляецца лжывая інфармацыя пра тое, што яго родны стаў вінаватым у ДТЗ, і для аказання яму дапамогі неабходна буйная сума грошай. Пасля чаго кур’еру, які прыбыў, перадаюцца ўсе зберажэнні… У большасці выпадкаў пацярпелымі ад такіх ашуканскіх дзеянняў становяцца грамадзяне пенсійнага ўзросту.
– Сумняваецеся ў інфармацыі – праверце паведамленне ці перазваніце ў РАУС на лінію 102, і супрацоўнікі міліцыі дапамогуць, – адзначае Мікіта Біза і дадае, што агульнымі намаганнямі можна стварыць надзейную заслону кіберзлачыннасці і абараніць сябе і сваіх блізкіх ад фінансавых страт.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

