Пагуляем у «Прыцкі»! Ляхавічане сталі ўдзельнікамі маладзёжнага гісторыка-культурнага праекта «З гульнёй праз стагоддзі»

Удзельнікі клуба Беларускай асацыяцыі ЮНЕСКА «Заранка» цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі сумесна з метадыстам па народных мастацкіх рамёствах, традыцыях, абрадах, фальклоры Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольгай Палуян сталі ўдзельнікамі маладзёжнага гісторыка-культурнага праекта «З гульнёй праз стагоддзі», які рэалізуецца пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА.

Дзякуючы праекту выйшаў зборнік «З гульнёй праз стагоддзі», у склад якога ўвайшлі і гульні, пра якія расказалі старэйшыя жыхары
Ляхавіччыны падчас экспе-дыцыі «Заранкі» па аграгарадках Ліпск і Востраў.

З захапленнем і непадробным інтарэсам сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі ў гульні, якія маюць амаль векавую гісторыю, а можа і большую. А назвы знаёмыя многім пакаленням дзяцей, якія даўно сталі дарослымі. Пра гульню «Баба» расказала і паказала яе правілы жыхарка аграгарадка Востраў 85-гадовая Соф’я Ламанос. Сакрэтамі гульні для падлеткаў «Прыцкі» падзялілася таксама вастраўчанка 82-гадовая Кацярына Рагацэвіч. 89-гадовая Вольга Салодкая з аграгарадка Ліпск і сёння добра памятае, як гуляць у «Явар». Магчыма, дзякуючы землякам шаноўнага ўзросту і неабыякавым прадстаўнікам сённяшняга пакалення, гульні 30–40-х гадоў мінулага стагоддзя пачнуць новае жыццё ў ХХІ стагоддзі.
Галіна КАНЬКО.