Віншавальная для прадаўца. Супрацоўнікам магазіна «Усходні» уручаны граматы галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама

Папулярнасць, запатрабаванасць магазіна «Усходні» ў пакупнікоў відавочная. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, адкрыццё новых гандлёвых кропак, «Усходні» трывала трымае пазіцыю.

Багаты асартымент, які рэгулярна папаўняецца навінкамі, у тым ліку фірменнымі, ветлівае і прафесійнае абслугоўванне, зручны расклад работы, розныя магчымасці аплаты за пакупку – гэта і многае іншае, прываблівае пакупнікоў, якім тут заўжды рады. Адміністрацыя і прадаўцы стараюцца, каб кожнаму, хто прыйшоў у магазін, тут было камфортна. Прычым часцяком даводзіцца выконваць не толькі абавязкі прадаўца, але і ўмець рэкламаваць тавар, раіць пакупніку, быць крышачку псіхолагам. І ўсё гэта ў прадаўцоў «Усходняга» атрымліваецца.

А якія кулінарныя шэдэўры на заказ і проста на продаж гатуюць кандытары і повары.

У мінулую нядзелю супрацоўнікі «Усходняга» прымалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў гандлю. А на гэтым тыдні віншаванні прадоўжыліся. Намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Андрэй Навагран уручыў граматы галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё гандлёвай галіны старшаму прадаўцу Алене Каваленка, прадаўцу Аксане Бурбіцкай і кандытару Надзеі Пятух (на здымку), пажадаў узнагароджаным новых поспехаў у працы.

Да віншаванняў далучыліся дырэктар ПУГВП «Гандлёвы дом «Уладзімір» Валерый Радзюк і работнікі магазіна «Усходні». Некалькі хвілін на прыемна-ўшанавальныя моманты – і зноў да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Пакупнік чакаць не любіць.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.