«Лес» спартыўных талентаў. Ляхавічане адзначыліся на галіновай алімпіядзе лясной гаспадаркі Брэстчыны

Работнікі лясной гаспадаркі Брэстчыны правялі сваю – галіновую алімпіяду. Як расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ляхавіцкага лясгаса Алена Тарлюк, спорт у іх асяродку любяць ці, як мінімум, паважаюць. Фактычна ні адзін з раённых стартаў, фізкультурна-спартыўнай накіраванасці не абыходзіцца без самага актыўнага ўдзелу лясгасаўцаў.

Сярод работнікаў «фірмы» ёсць моцныя гіравікі і добрыя лёгкаатлеты, шахматна-шашачныя інтэлектуалы, умелыя прыхільнікі гульнявых відаў спорту. І, як пацвердзілі апошнія падзеі, лепшыя сярод калег вобласці стралкі з «пнеўматыкі».

Правядзенне абласных галіновых спартакіядных стартаў – адна з даўніх традыцый.

– Выключэннем стаў толькі мінулы год, калі з прычыны кавідных абставін спаборніцтвы не адбыліся. А ўжо сёлета – усё па раскладзе, – гаворыць Алена Тарлюк.

Па раскладзе – гэта азначае, што чарговая штогадовая летняя спартакіяда работнікаў лясгасаў Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання прайшла ў поўнай адпаведнасці з рэгламентам. Месцам спаборніцтваў на гэты раз быў абраны Маларыцкі спартыўны комплекс «Жамчужына». 14 каманд, якія прадстаўлялі лясгасы вобласці, спаборнічалі па шасці відах і дысцыплінах спорту: гіравым, настольным тэнісе, валейболе, плаванні, лёгкаатлетычным кросе і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У барацьбе за галоўны камандны прыз нашы землякі паказалі сябе «роўна» – Ляхавіцкі лясгас заняў месца ў сярэдзіне выніковага турнірнага пратакола.

А пра дысцыпліну «пнеўматыка» ёсць нагода сказаць асобна, з імёнамі-прозвішчамі і ў эпітэтах. У выступленні мужчын начальнік пажарнай хімічнай станцыі лясгаса Пётр Шадура «настраляў» на трэцяе асабістае месца, а ў спаборніцтве жанчын інжынер па лесакарыстанні Кацярына Бародзіч і ўвогуле стала лепшым спартакіядным стралком.

А ў тандэме «бронзавы» і «залаты» поспех Пятра і Кацярыны прынёс ляхавічанам камандную перамогу ў дысцыпліне «стральба з пнеўматычнай вінтоўкі».

– Страляць давялося на самым пачатку спаборніцтваў – была другой па ліку сярод удзельніц. Ведала, што адстралялася нядрэнна, ды і суддзі гаварылі пра паказаны вельмі  добры вынік. Тым не менш, хвалявалася да самага завяршэння стралковай праграмы. Яшчэ належала выступіць дванаццаці дзяўчатам. Колькі з іх акажуцца больш трапнымі, думала, – сёння ўжо з жартам успамінае Кацярына.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва Кацярыны БАРОДЗІЧ.