Запрашэнне ў палявое кафэ. Раённая арганізацыя прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу раёна заўжды побач з сельгаспрацаўнікамі

Напэўна, усе чулі пра палявую кухню. А вось на Ляхавіччыне ўжо ёсць і палявое кафэ. Прычым не адно. І з’явіліся такія абноўкі ў грамадскім харчаванні зусім нядаўна – у ліпені. Клопат пра працаўніка, стварэнне належных умоў на працоўным месцы, у тым ліку бытавых, забяспечанасць спецадзеннем, выкананне правілаў бяспекі, ахова працы – пытанні, што знаходзяцца на пастаянным кантролі і пад пільнай увагай прафсаюзаў.

Раённая арганізацыя прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу раёна заўжды побач з сельгаспрацаўнікамі – і ў будні, і ў святы. Год за годам упэўнена крочыць па краіне акцыя «Наш жывёлавод», кожнае жніво не застаецца па-за ўвагай ні адно сельгаспрадпрыемства, дзе б ні ўшаноўвалі лепшых хлебаробаў. І вось чарговы прыемны прафсаюзны сюрпрыз.

– Выйшлі ва ўсе нашы сельскагаспадарчыя пярвічкі з ініцыятывай набыць для тых, хто працуе ў полі, своеасаблівыя міні-кафэ – камплекты, у склад якіх уваходзяць стол, крэслы, «парасон», які абароніць і ад сонца, і ад дажджу. Камплекты набыты за кошт прафсаюзных узносаў, фінансава дапамагло і раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Гэта вельмі зручная і камфортная абноўка. Такі камплект перасоўны, можа пераязджаць з поля на поле. Некаторыя гаспадаркі набылі па некалькі камплектаў, – расказала старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў АПК Ірына Чура.

Амаль штодня аграпрамысловы прафсаюзны лідар спяшаецца то на палявы стан, то ў вытворчыя майстэрні ці зернятокі, каб павіншаваць трыумфатараў уборачнай кампаніі. 

А ў бліжэйшы час прафсаюзны марш-рут пройдзе па ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна – заслужаную ўзнагароду атрымаюць героі жніва-2021.

Галіна КАНЬКО.