Першае выпрабаванне снегам. Мінулыя выхадныя і першыя дні бягучага тыдня для Ляхавіччыны прайшлі пад знакам снежных ападкаў

Мінулыя выхадныя і першыя дні бягучага тыдня для Ляхавіччыны прайшлі пад знакам снежных ападкаў. Не ўсе вадзіцелі аказаліся гатовы да такіх змяненняў, таму дарожная сітуацыя была няпростай.
Канешне, завірухі, моцных снегападаў і сумётаў пакуль яшчэ няма. Але ўсё ж надвор’е выпрабавала камунальныя і дарожныя службы на гатоўнасць да зімовых умоў надвор’я. Як вытрыманы іспыт?
– Прыход зімы сустрэлі ў поўнай гатоўнасці. Зрабілі неабходны запас пясчана-салянай сумесі – паўтарылі мінулагоднія запасы плюс неабходныя дадатковыя 10 працэнтаў – усяго чатыры тысячы тон. Дастаткова тэхнікі, брыгады ўкамплектаваны дарожнымі работнікамі. Такім чынам, пакуль ніякіх праблемных момантаў у апрацоўцы дарог раёна няма. Па традыцыі, у першую чаргу, ачышчаем ад снегу цэнтральныя дарогі, потым астатнія, –
расказвае начальнік ДРБУ-200 Максім Муха.
– Усё ў штатным рэжыме: апрацоўваем пешаходныя дарожкі, тратуары пясчана-салянай сумессю. У асноўным работы вядуцца раніцай, каб гараджане на работу, вучобу ці па іншых справах хадзілі ў камфортных умовах. Калі снегу выпадзе шмат, у першую чаргу, ад яго расчышчаюцца праезды грамадскага транспарту і прыпыначныя аўтобусныя пунк-ты, пад’езды да ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, тратуары уздоўж шматкватэрнікаў, кантэйнерныя пляцоўкі для вывазу смецця і іншыя першачарговыя аб’екты. Праезная частка дарог апрацоўваецца тэхнікай і спецыяльнай сумессю, – адзначае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.
Лістападаўскі снег, на шчасце, не прынёс непрыемнасцей энергетыкам: не зарэгістраваны адключэнні электраэнергіі па прычыне наліпання мокрага снегу на лініі электраперадачы. Як расказалі ў Ляхавіцкай ЦРБ, не стала больш і зваротаў за медыцынскай дапамогай з-за галалёдных траўмаў.
Галіна КАНЬКО

