Дрэва для любімых. На беразе Ведзьмы ў Ляхавічах «вырасла» дрэва

Зону адпачынку на беразе ракі Ведзьмы і тэрыторыю вакол яе не пазнаць. Нават здаецца, што плошча павялічылася і межы пашыраны. Акуратныя дарожкі, аб’ект павышанага попыту дарослых і дзяцей – альтанка, «вартавыя» ліхтары ў радок, уладкаваная аўтастаянка і паток пешаходаў. Гэта па адзін бок аўтадарогі. А іншы прыцягвае ўвагай не толькі жыццём-быццём лебядзінага сямейства. Камунальнікі тут стараюцца над добраўпарадкаваннем ляхавіцкай крыніцы. Прыгожа ўпісаўся ў пейзаж мосцік з ажурнымі поручнямі, пліткай умошчана пляцоўка, пастаўлены лаўкі. Першыя сэлфі ляхавічане і госці райцэнтра ўжо зрабілі на фоне «сардэчнага» дрэва, якое тут «вырасла». Выкаваў яго аўтар іншых мясцовых арт-аб’ектаў горада рабочы зялёнага будаўніцтва ўчастка добраўпарадкавання камунгаса Аляксандр Капуза.
Вышыня «сэрца для любімых» перавышае два метры, адзначыў начальнік участка добраўпарадкавання камунгаса Уладзімір Несцяровіч.
У камунгасе спадзяюцца, што ў хуткім часе з’явіцца новая традыцыя: маладыя будуць прымацоўваць на металічных галінках закрытыя замкі, што сімвалізуе сямейную вернасць.
Работы па добраўпарадкаванні крыніцы ў самым разгары. Адметны падарунак гораду ад камунальнікаў!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.