Чорнае золата палёў. На пачатку тыдня ў сельгасарганізацыях Ляхавіччыны пачалася ўборка рапсу

Практыка першых дзён указвае на нядрэнны ўраджай насення. Галоўнае зараз – справіцца з работамі ў нарматыўныя тэрміны

«Золата» ў далонях. Начальнік участка ААТ «Шлях новы» Аляксандр Пажога, аграном Вольга Чыхір, камбайнеры Дзмітрый Каласоўскі і Сяргей Скрунда (справа налева).

На момант выхаду камбайнаў на ўборачную ніву пад крыжакветнай культурай знаходзілася ледзь ці не тры тысячы гектараў раённых палеткаў. Пагаспадарча-лічбавы расклад меў тады наступны выгляд: ЗАТ «Белпрампрыбор» – 100, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» – 280, ДП «Нача» – 300, СВК «Ляхавіцкі» – 500, ААТ «Шлях новы» – 650, а «Жарабковічы» – 1100 гектараў.

Жарабковіцкая маштабнасць тлумачыцца проста і мае пад сабой жалезную, у прамым і пераносным сэнсах, логіку ў выглядзе ўласнага цэха па перапрацоўцы насення ў алей. Адна справа ціснуць яго і, адпаведна, капейку са сваёй сыравіны і зусім іншая – з пакупной.
Першыя дні ўборкі пацвердзілі прагнозныя бачанні аграрыяў: сёлета ён лепшы, чым летась. Сярэдняя па раёне ўраджайнасць пакуль вагаецца вакол паказчыка ў 26-27 цэнтнераў насення на круг. Пры тым, што на даным этапе кампаніі звычайна ўбіраюцца не самыя лепшыя ўчасткі.
У «Шляху новым», дзе мы пабывалі пару дзён назад, сярэдні гектар «сыпаў» плюс-мінус 30 цэнтнераў. Начальнік вытворчага ўчастка № 1 Аляксандр Пажога праводзіць некаторыя паралелі.
– У 2019-м выйшлі 11 чысла, зараз – на два дні пазней. Нядрэнны рапс, – запэўнівае спецыяліст.
Па словах, уборка культуры «заціснута» ў асабліва вузкія часовыя рамкі. Пры гэтым патрабуецца быць вельмі дакладным з пачаткам работ. Камбайнаваць не да канца спелым – азначае свядома пагадзіцца з ненарматыўнымі стратамі ўраджаю. Недаспелае насенне – больш вільготнае, патрабуе іншых расходаў на дасушку, павялічваючы тым самым сабекошт прадукцыі. Перастойванне культуры таксама не абяцае ніякіх бонусаў. Наадварот – гарантуе ўсё большае высыпанне насення.
– Дастаткова нязначнага кантакту, і стручкі раскрываюцца. Але пры ўсім тым займацца вырошчваннем рапсу найбольш выгадна – адпускная цана на насенне апошняга значна перавышае такую ж на зерне каласавых, – завяршае ўрок агразнаўства Аляксандр Пажога. Чым не чорнае золата палёў, падумалася наўздагонку.
У наш дзень на ўборцы працаваў квартэт камбайнаў. Але гэта толькі першапраходцы, першая хваля: з мэтай максімальна разагнаць уборку «Шлях новы» гатовы вывесці на палетак удвая больш машын.
Калі меркаваць па перманентнасці загарання то тут, то там аранжавых маякоў-сігналаў, бункеры напаўняліся досыць хутка. Гэта сігнал аўтамабілям-адвозчыкам – пара пад пагрузку.
У той дзень паступаючы з поля ўраджай утрымліваў 15-20 працэнтаў вільгаці. Многа, заўважае наш суразмоўца. Неабходна зніжаць да базавых сямі працэнтаў.
А гэта ўжо работа для зернесушыльных комплексаў. Пакуль на вытворчую вахту пастаўлены тры КЗС – у Галавачах, Ураджайнай, Навасёлках. Па меры запатрабаванасці аграрыі «Шляху новага» могуць «пагуляць» з колькасцю сушылак як у мінус, так і ў плюс.
Ім і ўсім аграрыям Ляхавіччыны мы жадаем атрымаць ад уборкі максімум плюсаў.
А лепш – толькі іх.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.