Увага па адрасе. У аснове сацыяльнай палітыкі – клопат пра чалавека

Сістэма сацыяльнай абароны Беларусі выбудавана такім чынам, каб адрасна і дзейсна падтрымліваць мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і, працягваць руку дапамогі пенсіянерам, пашыраць абмежаваныя магчымасці людзей з інваліднасцю, дапамагаць адзінокім і тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

У 2008 годзе рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёння гэта ўстанова не патрабуе прадстаўлення – з рознымі патрэбамі прыходзяць сюды ляхавічане і жыхары вясковых населеных пунктаў. Па стане на пачатак мая на ўліку ў ТЦСАН знаходзяцца 7293 чалавекі, сярод якіх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, адзінокія і адзінока пражываючыя землякі, інваліды, малазабяспечаныя грамадзяне, мнагадзетныя сем’і і іншыя. Аддзяленні ТЦСАН прадастаўляюць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, комплекс сацыяльных паслуг бясплатна або па сімвалічных цэнах.
Калі азірнуцца і прааналізаваць сацыяльныя абноўкі за пяцігоддзе, то спіс у раёне атрымаецца немалы. Спынімся на найбольш значных.
З чэрвеня 2015 года Ганчароўскі дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў для сваіх пастаяльцаў стаў тым прытулкам, дзе не адзінока і створаны належныя ўмовы для камфортнага жыцця.
Па вуліцы Леніна, 54 у райцэнтры тры гады назад справіла наваселле аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Яго наведвальнікаў не трэба натхняць на творчыя сустрэчы, прасіць паўдзельнічаць у спаборніцтве ці конкурсе – яны з радасцю актыўнічаюць і зараджаюць энергіяй іншых. Для іх працуюць чатыры клубы, тры гурткі, спартыўная секцыя, «Універсітэт трэцяга ўзросту», прапісана і сацыяльная цырульня, салон «Міласэрнасць». Маецца пункт пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.
Сувеніры з адзнакай «эксклюзіў» вырабляюць у рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні падапечныя дзённага аддзялення для інвалідаў, якое зручна прапісалася ў будынку райбальніцы. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі тут створана неабмежаваная прастора для творчасці і дзеля таго, каб яны маглі паверыць ва ўласныя сілы і адчуваць сябе запатрабаванымі. З мэтай павышэння якасці і даступнасці сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю супрацоўнікі аддзялення аказваюць паслугу «гасцініца выхаднога дня», для бацькоў дзяцей-інвалідаў – «няня на гадзіну».
У апошнія пяць гадоў актывізавана дзейнасць па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. На гэтыя мэты з мясцовага бюджэту вы-дзелена 5000 рублёў.
Летась у Русінавічах адкрыта сацыяльная дача, дзе прадугледжаны ўмовы для сямейнага адпачынку, правядзення вольнага часу пажылых землякоў і асоб з інваліднасцю.
У поўнай меры такую кропку адпачынку ацэняць тыя, у каго няма ў вёсцы бабулі-дзядулі, а хочацца з дзецьмі пабыць на прыродзе, пасядзець у альтанцы ціхім вечарам.
З 2016 года ў нашым раёне, адным з першых у вобласці, дзейнічае сістэма дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Землякам пажылога ўзросту, інвалідам І і ІІ груп, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, пакутуюць ад цяжкіх захворванняў, сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа па дамоўленасці з Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа аказваюць медыка-сацыяльныя паслугі. Усяго за гэты час іх атрымалі 129 чалавек, з іх 15 сёлета.
Толькі той, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, калі апускаюцца рукі і не ведаеш, што рабіць, цалкам можа ацаніць тую фінансавую дапамогу, сродкі на якую выдзяляе дзяржава. Сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва ў такіх выпадках – сапраўдная апора. У 2018 годзе 939 жыхароў Ляхавіччыны атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу на агульную суму без малога 256 тысяч рублёў, летась – 1018 чалавек на суму крыху больш за
295 тысяч.
У першым квартале сёлета такі від падтрымкі аказаны 107 пажылым грамадзянам і інвалідам І і ІІ груп працаздольнага ўзросту, з іх у выглядзе штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай дапамогі – 10 пенсіянераў і 13 інвалідаў.
Штогод у раёне пры абследаванні ўмоў жыцця адзінокіх грамадзян, разглядзе зваротаў вызначаецца пералік найбольш запатрабаваных сацыяльных паслуг сярод пажылых і інвалідаў.
Па даных упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, самай запатрабаванай на сёння з’яўляецца паслуга сацыяльнага абслугоўвання на даму. Кошт яе за месяц складае на вёсцы 14,7 рубля, у райцэнтры – 11,9 рубля. Як кажуць – не грошы, але сацыяльны работнік становіцца сапраўдным членам сям’і. Прыбярэ ў пакоі, выпіша рэцэпт на лякарства, купіць прадукты, аплаціць камунальныя паслугі, трэба – прыгатуе абед і г. д. Надомным абслугоўваннем ахоплены 581 чалавек (у 2019 годзе – 571), з іх 149 адзінокіх – жыхары 72 населеных пунктаў Ляхавіччыны. Часткова аплачваюць сацыяльныя паслугі 107 чалавек, 12 чалавек бясплатна карыстаюцца дапамогай (у тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай вайны).
Сёння ў непрацаздольных грамадзян ёсць магчымасць атрымліваюць у ТЦСАН паслугу сядзелкі. Зараз яна прадастаўляецца шасці чалавекам.
Прыжываюцца сярод землякоў паважанага ўзросту інавацыйныя формы сацыяльнага абслугоўвання: «прыёмная», «патранатная» і «гасцявыя сем’і», «дом узаемадапамогі».
З пачатку года па выніках абследавання матэрыяльна-бытавых умоў
зроблены рамонт пячнога ацяплення ў домаўладаннях чатырох адзінокіх грамадзян, устаноўлены 22 аўтаномныя пажарныя апавяшчаль-нікі, з іх 12 з вывадам на сігнальна-гукавое ўстройства. Асаблівая ўвага да патрэб ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Так, ТЦСАН сумесна з раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь» да 75-годдзя Перамогі ў домаўладаннях сямі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны замянілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і элементы сілкавання ў іх.
Клопат пра людзей, чалавека ў Беларусі – у аснове дзяржаўнай палітыкі. Пералік відаў, формаў і адрасоў дзяржаўнага клопату да розных катэгорый насельніцтва можна працягваць і далей. Нераўнадушнае стаўленне да сем’яў, маці і дзяцей пацвярджаюць факты і лічбы. На 1 ліпеня ў раёне 308 сем’ям з мнагадзетным статусам назначаны сямейны капітал. Яго памер складае
10000 долараў ЗША (з 1 студзеня – 22500 рублёў). За датэрміновым яго выкарыстаннем звярнулася 41 сям’я.
Сёлета за паўгода за прадастаўленнем дзяржаўнай адраснай сацдапамогі звярнуліся 365 сем’яў. Яшчэ 534 чалавекі – сярод атрымальнікаў штомесячнай, аднаразовай дапамогі, сродкаў на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузнікаў, бясплатных прадуктаў харчавання дзецям першых двух гадоў жыцця. Дапамога гэта аказана на суму больш за 170 тысяч рублёў.
Каментарыі, як гавораць, лішнія. Уважлівая ўвага да людзей – не прыгожыя словы, а факты, канкрэтныя прыклады і аргументы. І гэта толькі невялікая частка з агульнага.

ФАКТ

У Брэсцкай вобласці органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне амаль 400 тысячам грамадзян выплачваюць пенсіі і дапамогу, з іх 364,3 тысячы з’яўляюцца атрымальнікамі розных відаў пенсій (293,6 тысячы пенсіянераў атрымліваюць пенсіі па ўзросце).
У Ляхавіцкім раёне пенсіі і дапамогу выплачваюць
8304 чалавекам, з іх 8023 атрымліваюць розныя віды пенсій. 6583 – колькасць нашых землякоў, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце.
162,1 мільёна рублёў – столькі ў вобласці штомесяц ідзе на выплату пенсій і дапамог са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (у Ляхавіцкім раёне –
3290, 5 тысячы рублёў).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.