Сто сакрэтаў даўгалецця. Векавы юбілей адзначыла 1 ліпеня жыхарка вёскі Лабузы

Старэйшая за любімую раёнку, з якой сябрую ўжо даўно, падкрэслівае свой узрост жыхарка Лабузоў Надзея Цімашок. 1 ліпеня наша зямлячка адсвяткавала стагоддзе з дня нараджэння. Узростам сваім ганарыцца і вельмі шчаслівая, што дажыла да часу, калі побач любімыя ўнукі і праўнукі. Адно засмучае, што па стане здароўя давялося паехаць з роднай вёскі, дзе вырасла, пайшла замуж і нарадзіла дачку. Гады чатыры Надзея Міхайлаўна жыве ў Баранавічах у доме ўнучкі Жанны. Па Ляхавіччыне сумуе, штораз, калі па радыё гучаць навіны з малой радзімы, слухае іх уважліва і з асаблівым хваляваннем.

Пра векавое жыццё, у якім давялося шмат паспытаць і многае ўбачыць, юбілярка расказвае цікава, у фактах не губляецца. Скончыла пяць класаў польскай школы. У сям’і было яшчэ шасцёра дзяцей, і бацькі аддалі дачку да паненкі вучыцца на швачку. Уменне гэта не было лішнім: шыла-перашывала адзенне братам і сёстрам, родным ды і ўсёй вёсцы. Доўгі час гэтым і зарабляла
на хлеб. Замуж пайшла за хлопца мясцовага – гаспадарлівага і чалавека добрага. Здавалася, жыві і радуйся, але прыйшла вайна.
– Немцы ішлі праз вёску, як да цёткі ў госці, – успамінае Надзея Міхайлаўна. – Паток іх не меншаў ні на дзень. Калі спыняліся на лузе на адпачынак, здавалася, ён станавіўся чорным. У Дараве немцы выставілі ахову. А потым пачалі актывістаў расстрэльваць. У Падлессі тры чалавекі забілі… Лабузы згарэлі ўжо напярэдадні вызвалення, калі немцы адступалі, – 7 ліпеня. Людзі тады на балота паўцякалі і жывёлу за сабой пацягнулі, – успаміны вяскоўцы даюцца цяжка.
Вестку пра Перамогу сустрэлі як самую радасную. Дзень за днём, год за годам аднаўлялі жыццё: пабудавалі з мужам дом, трымалі поўны хлеў дамашняй жывёлы, працавалі. Усё ўмела рабіць: смачна гатаваць, вышываць, вязаць і г. д. Надзея Міхайлаўна старалася заўсёды быць у першых радах: ці то ў полі завіхалася, ці на ферме даглядчыцай была. Гэта пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды за плённую працу.
Надзея Міхайлаўна ўсё жыццё нібы старалася нагнаць тое, што недаатрымала ў дзяцінстве: любіла чытаць і выпісвала часопісы, газеты. Даведаецца пра падзею і з’яву – і шукае на карце краіну, дзе адбылося. У раёнцы, перш за ўсё, яе цікавілі публікацыі пра землякоў і іх працоўныя поспехі.
І сёння наша зямлячка нераўнадушная і добразычлівая, а па натуры аптымістка.
– Трэба любіць жыццё, сваю справу, і тады ўсё будзе атрымлівацца. Імкнуцца наперад, не спыняцца. Для мяне было штуршком: каб не горш, чым у людзей, – дзеліцца сакрэтам свайго даўгалецця юбілярка і з нецярпеннем чакае, калі супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі ўручаць ёй новенькі пашпарт.
Будзьце здаровыя, Надзея Міхайлаўна!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з сямейнага архіва.

У ТЭМУ

Людзей ва ўзросце 90 гадоў і старэйшых называюць доўгажыхарамі. У Ляхавіцкім раёне па стане на 1 ліпеня з такім паважаным статусам 180 чалавек. Тры землякі сёлета адзначылі стагоддзе.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама паведамілі, што ў раёне 2266 чалавек ва ўзросце ад 75 гадоў і старэйшыя атрымліваюць, акрамя пенсіі, і даплату да яе – надбаўку па ўзросце. Тым, хто дасягнуў 80-гадовага ўзросту (такіх у раёне 1472), даплата складае
100 працэнтаў ад мінімальнай пенсіі (на 20 ліпеня – 61 руб. 70 кап.).

Надзея Цімашок з праўнучкай (фота зверху) і з дачкой.