У ваш гонар, тухавічане

Родны і самы дарагі край, сюды прыцягвае, нібы магнітам, і завецца гэта месца, якое дае сілу і духоўную моц, малой радзімай. Клапоцяцца, берагуць, добраўпарадкуюць, шануюць сваю вёску і жыхары Тухавічаў. Таму з асаблівым натхненнем рыхтуемся да традыцыйнага, любімага многімі землякамі – тымі, хто тут жыве і хто прыязджае пагасцяваць, – свята вёскі.

І сёлетняе пад назвай «Па-суседску мы жывём», якое адбылося напачатку жніўня, прайшло цікава, шчыра, прыгожа, з агульным добрым настроем.

Нямала добрых слоў адрасаваў тухавічанам старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра.

Сярэбраным 2020 год стаў для сямейных пар Аляксандра і Святланы Пацукевічаў, Сяргея і Аксаны Бабарэка, Аляксандра і Наталлі Маслоўскіх, Аляксандра і Інэсы Кавальчыкаў, Аляксандра і Алены Бабарэка – кожная з іх у ладзе пражыла чвэрць стагоддзя.
Як жа цёпла ўшаноўвалі старэйшых землякоў – Ганну Тадра і Разалію Дубіну.

Напэўна, асаблівым стала свята для бацькоў Радзівона Філіповіча, якога ў гэты дзень прывезлі з раддома, ён самы маленькі тухавічанін.
Толькі захапленне выклікалі творчыя работы вышывальшчыцы Любові Палуян і майстра па роспісе дрэва Таццяны Капусценка, якія былі выстаўлены ў фае СДК.

Цудоўныя, дбайныя, працавітыя гаспадары – тухавічане. Гэта пацвердзіў і конкурс «Лепшая сядзіба». Падарункі атрымалі Анжэла Койра, Аляксандра Канус, Вольга Собаль, Ніна Лешык. А Яўгенія Герус адзначана як выдатны кветкавод.

Наўрад ці свята атрымалася б такім незабыўным, каб не супермузычна-творчая падтрымка – канцэртная праграма ад аматарскага аб’яднання «Крынічанька» Воленскага СДК (Івацэвіцкі раён) і артыстаў Кукаўскага СДК (Ганцавіцкі раён).

Шчыра ўдзячны ўсім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні свята.

Алена АБРАМАВА, загадчык Тухавіцкага СДК.

Фота з архіва Тухавіцкага СДК.