Гэта сэрца зямлі маёй. Ляхавічы сустракалі ўдзельнікаў і гасцей свята «З крыніц спрадвечных»

Раённае свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» сёлета часова змяніла сваю галоўную сцэнічную пляцоўку: запрасіла гасцей і ўдзельнікаў на плошчу Леніна ў райцэнтры. Магчыма, антураж былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы больш пасуе фестывалю, але зараз там ідзе рэканструкцыя.

Тое, што Ляхавічы святкуюць, было чуваць па ўсім горадзе. Музыка, песні і танцы стваралі пазітыўны настрой, хацелася далучыцца да культурнага фэсту. Што многія і рабілі – падпявалі, танцавалі, гумарылі. Апладысментамі сустракалі кожнае выступленне самадзейных артыстаў і творчых калектываў, як сваіх – з Ляхавіччыны, так і шматлікіх гасцей з Драгічынскага, Пружанскага, Ганцавіцкага, Баранавіцкага раёнаў. Цёпла віталі ўдзельнікаў фестывалю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Жалнерчык, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса.
«З крыніц спрадвечных» – не толькі свята, але і насычаная конкурсная праграма. Каб стаць лепшым, неабходна пакарыць журы і гледачоў рэпертуарам, арыгінальнасцю, творчасцю, талентам, мець свой мастацкі почырк.

Як было не заслухацца выступленнем фальклорнага гурта «Ліпчанка» Ліпскага СДК, удзельніцы якога выканалі песні, запісаныя ад старажылаў-аднавяскоўцаў Вольгі Гатоўчыц і Вольгі Герасімовіч. Стаць сведкам народнага абраду «Агледзіны» можна было падчас выступлення народнага фальклорнага калектыву «Дубрава» Люсінскага СК Ганцавіцкага раёна. Дарэчы, у намінацыі «абрад» шыкоўна выступілі нашы землякі – фальклорныя аматарскія аб’яднанні «Вяснянкі» (Жарабковіцкі СДК), «Купалінка» (Навасёлкаўскі СДК). І вось чарговае мора апладысментаў. На гэты раз у іх купаліся прэтэндэнты на перамогу ў намінацыі «найгрыш з прыпеўкамі». «Завялі» прысутных Яўгенія Каспяровіч з Ліпскага СДК, Сабіна Шклянік з народнага клуба ветэранаў «Сівізна», Соф’я Яроцкая з Пружанскага раёна, народны фальклорны калектыў «Суседзі» Баранавіцкага раёна.
На фестывалі не да суму, а вось гумару – з лішкам. Тым больш, калі на сцэне такія аксакалы трапнага слова і жартаў, як народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК. Ляхавіцкая Лявоніха, яна ж і культарганізатар Навасёлкаўскага СДК, Таццяна Пішч запрасіла ўсіх жадаючых на майстар-клас па народных беларускіх танцах.
Свята не толькі спявала, але і вабіла водарам смачных страў, большасць з якіх прыгатавана па рэцэптах беларускай нацыянальнай кухні.

Якія ж чараўнікі – майстры народных рамёстваў. Што ні выраб – то прыгажосць, вытанчанасць, эксклюзіў. Карціны маляваныя і вышываныя, ручнікі тканыя, жбаны гліняныя, сурвэткі рознакаляровыя, капелюшы саламяныя – вачам захапленне, душы радасць. Можна было не толькі любавацца, але і купіць рэч, якая спа-дабалася.

Зразумела, журы ў такім россыпе талентаў цяжка вызначыць пераможцаў. Гран-пры атрымала эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК, яна ж удастоена прыза глядацкіх сімпатый.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота ТУТ.

Так было, так ёсць і няхай так будзе. Уражаннямі ад фестывалю падзяліліся яго арганізатары

Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Менавіта вось на такіх святах мы паказваем, як моцна любім родны край, шануем і беражліва перадаём з пакалення ў пакаленне багатую культурную спадчыну.

Беларусам няма што дзяліць, у нас адна краіна. Неабходна ўсім яе жыхарам разам пацвярджаць, што беларусы – мірныя, працавітыя людзі. Навошта раз’ядноўвацца, станавіцца на розныя палюсы. Трэба дружна шчыраваць, каб квітнела краіна, умацоўваўся дабрабыт яе жыхароў, развіваліся эканоміка і сацыяльная сфера. Так было, так ёсць і няхай так будзе.

Юрый ГРЫНЬ, дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:

– Адзначу, што з кожным годам расце мастацкі ўзровень удзельнікаў свята, пашыраецца геаграфія гасцей. У нас з’явіліся навічкі, радуюць выступленнямі пастаянныя ўдзельнікі. Фестываль чарговы раз паказаў: беларусы – людзі, якія шануюць культуру і гісторыю сваёй краіны. Свята часова памяняла сваю прапіску. Палацава-паркавы ансамбль Рэйтанаў у Грушаўцы знаходзіцца на рэканструкцыі. Работы хоць і пачаліся толькі сёлета, але ўжо нямала выканана. Так што праз нейкі час «З крыніц спрадвечных» вернецца на свае вытокі і, упэўнены, стане яшчэ больш цікавым.