Пра зарплаты, пенсіі і знешні доўг

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 25 жніўня з дакладам першага намесніка Прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава.

«Размова пойдзе аб выкананні дзяржаўнага бюджэту, мясцовых бюджэтаў, – адразу абазначыў мэту сустрэчы Прэзідэнт. – Пры гэтым хачу вашу ўвагу звярнуць на тое, каб вы перш за ўсё адказалі мне на пытанне наконт уплыву бюджэту на фарміраванне заработнай платы. Мы дамаўляліся, што ў бюджэтнікаў яна павінна быць 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. Зразумела, бюджэт істотна ўплывае і на пенсіі нашых людзей. Вось пенсіі – гэта святое».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзровень пенсій павінен складаць 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты, чаго б гэта ні каштавала.

«Ветэраны аказаліся нашымі самымі стойкімі і надзейнымі людзьмі, фактычна апорай нашай дзяржаўнасці ў гэты няпросты перыяд. Ні ў якім разе іх нельга пакрыўдзіць. Калі мы іх пакрыўдзім – значыць, мы проста не ўлада і не дзяржава», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА.