Той, хто верыць пустым абяцанням, уласнымі рукамі разбурае свае прадпрыемствы

Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

«Мы бачым, што заклікі сабатаваць работу заводаў, арганізацый па-ранейшаму ідуць праз Telegram-каналы. Прычым падаецца гэта ўсё як метад барацьбы з уладай. А, можа, час ужо зразумець, што гэта метад барацьбы з людзьмі, з рабочымі? Абяцаюць грошы, абяцаюць работу. І нехта вядзецца на гэтыя правакацыі. Мы павінны разу-мець, як ідуць справы на самай справе, – сказаў Міхаіл Орда. – Вось простая матэматыка: месячны фонд аплаты працы на МАЗе складае $10 мільёнаў, на «Беларуськаліі» – $36 мільёнаў. І ў гэты ж час мы чуем міфічныя абяцанні падтрымаць работнікаў. Але размова ідзе пра смешныя сумы нават у разрэзе асобных прадпрыемстваў, не кажучы пра краіну ў цэлым. Што такое некалькі мільёнаў долараў, якія нібыта будуць накіраваны на беларускія прадпрыемствы? Нават па самых аптымістычных падліках, гэтага не хопіць і на пару дзён аплаты працы. Ды і зразумела, што ніхто нічога не заплаціць. Гэта ўсё хлусня. Чыста палітычныя абяцанні, нічым не падмацаваныя. На прыкладзе многіх краін мы ўжо не раз бачылі, што ў такіх сітуацыях простыя людзі не атрымліваюць нічога».

Старшыня ФПБ адзначыў, што той, хто сёння верыць пустым абяцанням, уласнымі рукамі разбурае свае родныя прадпрыемствы. «Нашы бізнес-партнёры не могуць і не будуць чакаць, пакуль мы абдумаемся. Ужо сёння ёсць інфармацыя, што расійскі «Уралкалій» скарыстаўся сітуацыяй і нарасціў аб’ёмы вытворчасці. А значыць мы, нашы людзі, страцілі пэўны даход, страцілі жывыя грошы. І што горш за ўсё, літаральна за некалькі дзён сапсавалі свой дзелавы імідж і рэпутацыю, якія напрацоўваліся дзесяцігоддзямі. І нам гэта ніхто ніколі не кампенсуе… У выніку збояў у рабоце прадпрыемстваў могуць зменшыцца падатковыя выплаты, а значыць – паступленні ў бюджэт і Фонд сацыяльнай абароны. За што будуць жыць нашы пенсіянеры? Мамы ў дэкрэце? Бюджэтнікі? Калі не абдумаемся, то ўжо заўтра праблема закране кожнага з нас», – падкрэсліў Міхаіл Орда.

Элементарная эканоміка

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў у сваім акаўнце ў Facebook выказаўся на тэму заклікаў да забастовак.

«Асобная тэма пра заклікі да забастовак. Тыя, каму раптам захацелася пакіраваць краінай, відаць, павінны хоць нешта разумець у эканоміцы. І зноў адны пытанні. Перш за ўсё, яны растлумачылі людзям, што спыненне прадпрыемстваў – гэта не толькі зніжэнне зарплат, страта рынкаў і закрыццё вытворчасцей, беспрацоўе, спад рубля і рост цэн? – задаецца пытаннем дзяржсакратар Савета бяспекі. – Хто і што будзе гаварыць страціўшым работу, калі ў іх каля дома закрыецца бюджэтная паліклініка або школа, а бліжэйшая – толькі ў іншым раёне, і яна перапоўненая ўжо? У якісьці дзень удвая вырасце камуналка, і ніхто тыднямі не будзе вывозіць смецце з двара».

«Затым адбудзецца скарачэнне мясцовага РАУС, на вокнах першых паверхаў жылых дамоў зноў з’явяцца рашоткі, а на вуліцах – шайкі нічым не занятых, галодных і злых падлеткаў. А калі наогул усе-ўсе забастуюць – мы адзін аднаго будзем вучыць, лячыць, ахоўваць, а потым і есці, або адразу ў палон?» – разважае Андрэй Раўкоў.

Па матэрыялах БЕЛТА.