На імяніны ў бібліятэку. 15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк

Нягледзячы на тое, што ў жыццё сучаснікаў трывала ўвайшлі электронныя кнігі і інтэрнэт, многія ўсё роўна спяшаюцца ў кніжны храм. 15 верасня ў краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Святкаваць бібліятэчныя імяніны будуць і супрацоўнікі раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

– Сённяшняя Ляхавіцкая ЦБС – гэта 19 бібліятэк. Я і мае калегі рады адкрываць землякам цудоўны свет друкаваных крыніц духоўнасці і карыснай інфармацыі, знаёміць з класікамі айчыннай і замежнай літаратуры і з сучаснымі аўтарамі, – расказвае дырэктар ЦБС Вольга Пляшэвіч.

Запаветную сцяжынку ў Жараб-ковіцкую сельскую бібліятэку даўно праклалі вясковыя жыхары – аматары кнігі. Зрабіць падарожжа ў царства пажоўклых і новенькіх, на якіх толькі высахла друкарская фарба, кніжных старонак і глянцавых часопісаў яшчэ больш змястоўным, насычаным, цікавым і актуальным дапамагае загадчыца СБ Людміла Туціна, якая ў бібліятэчнай справе сем гадоў і застаецца самым заўзятым і адданым чытачом.

– Чытанне не толькі крыніца ведаў, яно своеасаблівы настаўнік, бо абуджае розум, уключае фантазію, фарміруе жыццёвыя погляды. Жывая кніга была, застаецца і, так хочацца спадзявацца, будзе і далей надзейным сябрам, дарадчыкам. Яна і душу супакоіць, і настрой падыме, і дасць адказы на многія пытанні. Пры гэтым незалежна ад таго, якому жанру літаратуры чалавек аддае перавагу. Колькі людзей – столькі ж і інтарэ- саў, – тлумачыць кніжную запатрабаванасць Людміла Валянцінаўна.

Яна дакладна ведае, хто з яе 380 абанементаў што чытае. Хтосьці любіць гістарычную літаратуру, іншы – дэтыктывы ці ваенныя эпапеі, некаторыя перачыталі не адзін том лірыкі ці жаночых раманаў. Усё гэта можна выбраць у бібліятэчным фондзе, дзе сёння налічваецца каля 9800 экзэмпляраў. Акрамя таго, пастаянна абнаўляецца і газетна-часопісная скарбонка, зараз прыходзіць каля 30 найменняў перыядычных выданняў.

Акрамя жыхароў Жарабковічаў, наведвальнікамі бібліятэкі з’яўляюцца жыхары Гуліч, Зарытава. А летам, калі на канікулы да бабуль і дзядуль прыязджаюць дзеці, то чытачамі становяцца ляхавічане, баранавічане і нават масквічы. Па чацвяргах у бібліятэкі так званы выязны дзень: Людміла Туціна спяшаецца з загадзя падрыхтаванымі кніжнымі экзэмплярамі да землякоў, якія па стане здароўя самі не могуць прыйсці ў кніжны храм.

Па некалькі разоў на месяц у бібліятэцы ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых. «У гасцях у казкі», «Летнія чытанні», «Падзяліся рэцэптам» – толькі некаторыя з іх.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў адрасавалі віншаванні з Днём бібліятэк калектыву і ветэранам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ляхавіччыны

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.