За любімую Беларусь. У жаночым форуме «За Беларусь» прыняла ўдзел і дэлегацыя з Ляхавіччыны

Жаночы форум «За Беларусь», які прайшоў у сталіцы 17 верасня, сабраў у «Мінск-Арэне» больш за 13 тысяч прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з розных куткоў нашай краіны. Іх, рознага сацыяльнага статусу і ўзросту, работнікаў адукацыі, культуры, медыцыны, сферы абслугоўвання і іншых, тых, хто мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, аб’яднала адзінае жаданне заявіць гучна: жанчыны Беларусі – за мір! У лёсавызначальны перыяд трэба не высвятляць адносіны, а імкнуцца наперад, шукаць шляхі, якія вядуць да згоды і стабільнасці.
Сярод шматлікіх дэлегацый выдзялялася і ляхавіцкая. Слова – загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН Кацярыне ЖУКОЎСКАЙ.

– Калі жанчына шчаслівая? Адназначна, калі ўсё ладзіцца ў яе дзяцей і родных. Я мама 4-гадовай дачушкі Ясеніі. Сэрца заходзіцца радасцю, калі яна смяецца, робіць першыя адкрыцці, расказвае пра свае мары, малюе ўсю сям’ю разам.
У нашай краіне створаны цудоўныя ўмовы для развіцця здольнасцяў хлопчыкаў і дзяўчынак, існуе дзяржаўная сістэма дзейснай падтрымкі сям’і. Шырокія шляхі для задавальнення амбіцый моладзі. Адметная ўвага – пенсіянерам. Ведаю гэта не па чутках – штодзень у аддзяленне завітваюць нашы землякі паважанага ўзросту. У іх столькі запалу і бадзёрасці, толькі пазайздросціць.
Пра гэта і іншае ішла размова на форуме ў Мінску. Зямлячкі шчыра і душэўна дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі. Гаварылі, што жанчына – перш за ўсё стваральніца, ахоўніца сям’і, добрая, адказная і працалюбівая. І ёй не месца нават на мірных маршах. Ганаруся сваімі суайчынніцамі, якія многага дасягнулі ў жыцці. І гэта, лічу, дзякуючы міру і стабільнасці, якімі заўсёды славілася Беларусь. Хочацца, каб і далей было так, а не інакш.
Форум прынёс феерверк эмоцый. Што адбывалася ў зале, калі нечакана на сцэну выйшаў Прэзідэнт Беларусі – жанчыны сустрэлі яго стоячы і дружна апладзіравалі. Тры з паловай гадзіны праімчалі імгненнем. Прыемным сюрпрызам стала прэзентацыя песні «Любімую не аддаюць».