Пенсіянер з душою рамантыка. Ляхавічанін перакрэслівае ўсе стэрэатыпныя ўяўленні пра пенсіянера

Ляхавічанін Георгій Шабан перакрэслівае ўсе стэрэатыпныя ўяўленні пра пенсіянераў: ён не вядзе бясконцыя размовы пра здароўе, адсутнасць сіл, а робіць свой дзень насычаным на клопаты і падзеі.

Падкрэслівае, што пры занятым графіку і дзень карацейшы, і думкі святлейшыя. Разам са сваімі калегамі з народнага аматарскага клуба «Сівізна» выступае на розных канцэртных пляцоўках. Адзначае, што па душы розныя песні, асабліва 60-70-х гадоў. У песнях – жыццё, маладосць і настрой на лепшае. Георгій Кірылавіч і пастаянны ўдзельнік клуба «Залаты ўзрост», што дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. Загадчык аддзялення Кацярына Жукоўская і кіраўнік гуртка Вольга Давідоўская адзначаюць, што без Георгія Кірылавіча не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Ён умее не толькі трапна пажартаваць, прыгожа прачытаць верш ці праспяваць песню, але і здзівіць, напрыклад, смакам сушаных яблыкаў ці марынаваных грыбоў. Нават у конкурсе страў сярод удзельнікаў клуба займаў першае месца.


Заўзяты грыбнік, ён і сёлета, нягледзячы на свае 84 гады, выбіраўся ў лес – на веласіпедзе. Яго «ўлоў» склаў два вядры пераважна белых. А закатвае іх па рэцэпце і з дапамогай дачкі Валянціны, якая жыве ў Баранавічах, а па выхадных разам з сям’ёй наведвае бацьку.
А яшчэ Георгій Шабан актыўны ўдзельнік спартыўных мерапрыемстваў. Сустрэла яго ў мінулую пятніцу пры поўным спартыўным убранні на стадыёне ў райцэнтры, дзе праходзіла раённая спартакіяда. Заўзяты шашыст – іграе з дзяцінства, толькі тады ў якасці фігур былі бульба ці жалуды. Яшчэ адзін сакрэт бадзёрасці нашага земляка – падсобная гаспадарка. У ёй сямёра курэй, дзеля якіх ён спецыяльна падымаецца рана. Такі своеасаблівы стымул да штодзённага руху.
Добры і шчыры, вельмі чалавечны і ўсёразумеючы, граматны і кампетэнтны, як бацька, падкажа і накіруе – так гавораць пра свайго класнага кіраўніка і выкладчыка эканамічных дысцыплін колішнія выпускнікі Ляхавіцкага агракаледжа, дзе Георгій Кірылавіч працаваў без малога тры дзесяцігоддзі. І на вечарах сустрэчы, у жыццёвай мітусні спяшаюцца засведчыць яму сваю павагу і прызнанне, павітацца з чалавекам, які адыграў у лёсе многіх прафесійную і асабістую ролю. А яму было чым падзяліцца з навучэнцамі. Аграном па першай адукацыі, да выкладчыцкай дзейнасці працаваў у Клецкім раёне не толькі ў сельгаспрадпрыемстве, але і ў райсельгасхарчы. Займаў пасады камсамольскага лідара, узначальваў прафсаюз, вёў гурткі – актыўны і нераўнадушны спецыяліст быў заўсёды навідавоку.Калі пачынаў працоўную дзейнасць у тэхнікуме, паступіў у Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію і атрымаў дыплом выкладчыка эканамічных дысцыплін. Разважае, што вучыцца ніколі не позна. Так, здаецца, незаўважна прабеглі працоўныя дзесяцігоддзі. Для ўраджэнца Мядзельскага раёна Ляхавіччына стала роднай. Георгій Кірылавіч, якім няпростым ні быў бы лёс, глядзіць у заўтрашні дзень з надзеяй на лепшае. Няхай так і будзе!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.