Інтэрактыўна пра Чырвоны Крыж. Школьніца і настаўніца з СШ №1 г. Ляхавічы стварылі інтэрактыўную гульню

«Ці ведаеш ты?» – так называецца інтэрактыўная гульня пра дзейнасць Чырвонага Крыжа, якую распрацавала навучэнка 11 класа СШ № 1 Анастасія Дыдышка пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Анастасіі Барташэвіч.

Даведаўшыся пра аб’яўлены конкурс, захопленыя ідэяй, адзіннацацікласніца Насця Дыдышка і настаўніца Анастасія Барташэвіч прыняліся за стварэнне. Атрымалася гульня – цікавая і пазнавальная, зробленая з дапамогай праграмы Microsoft Officе РowerРoint. Пераходзячы ад аднаго слайда да другога, націскаючы на кнопкі перамяшчэння і кідаючы інтэрактыўныя дроцікі, выконваеш заданні. Прадстаўлены яны ў форме красворда, пазлаў ці пытанняў. Напрыклад, адно з заданняў гучыць так: злучыце склады і прачытайце два галоўныя прынцыпы дзейнасці Чырвонага Крыжа.
Аўтары імкнуліся за кошт уключэння ў гульню інтэрактыўных элементаў уцягнуць навучэнца ў захапляючы працэс пазнання новага, а дзякуючы выкарыстанню мультымедыя і 3D-аб’ектаў змаглі дабіцца максімальнай нагляднасці інфармацыі.
Абласное журы высока ацаніла работу нашых землякоў – Анастасія Дыдышка ўзнагароджана дыпломам II ступені Брэсцкага абласнога аб’яднання Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Дарэчы, у кіраўніка работы Анастасіі Барташэвіч гэта не першая спроба навучаць школьнікаў займальна. На сваіх уроках матэматыкі яна выкарыстоўвае інтэрактыўныя плакаты, што ўмяшчаюць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу.
Падзячнае пісьмо Брэсцкай абласной арганізацыі БТЧК уручана васьмікласніку СШ № 1 Максіму Жыжу (кіраўнік работы – намеснік дырэктара Наталля Маслоўская) за ўдзел у конкурсе творчых работ «Медыцынская сястра міласэрнасці ўчора, сёння, заўтра» ў намінацыі «лістоўка».
Усе ўзнагароды школьнікам перадала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.