Дзе знайсці макулатуру. На апаратнай нарадзе абмяркоўвалі ход выканання даведзеных Ляхавіцкаму раёну паказчыкаў дзяржаўнай праграмы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў

Асноўнае пытанне апаратнай нарады, што адбылася ў мінулы панядзелак, датычылася ходу выканання даведзеных раёну паказчыкаў дзяржаўнай праграмы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч адназначна падкрэсліла: «Заданне неабходна выканаць, для гэтага – прыняць усе меры асноўным аператарам, сканцэнтравацца на зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў прадпрыемствам і арганізацыям».

Начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская прааналізавала стан спраў па зборы ДМР. Яна адзначыла, што сёлета за 9 месяцаў па раёне выконваецца толькі паказчык па зборы адходаў бытавой тэхнікі – 80,3 працэнта ад гадавога задання, з якіх 70 працэнтаў – на рахунку Ляхавіцкай ЖКГ. А вось найбольш праблемная сітуацыя склалася па нарыхтоўцы макулатуры (сабрана 33 працэнты), адходаў шкла (45 працэнтаў), зношаных шын (50 працэнтаў), поліэтылену (65 працэнтаў). Што тычыцца аператараў, то справы лепш ідуць у камунгаса. За студзень – верасень камунальнікі здалі ў агульным аб’ёме 350 тон другаснай сыравіны – 57 працэнтаў ад гадавога задання. Прычым па зношаных шынах і адходах бытавой тэхнікі даведзеныя паказчыкі перавыканалі. Аднак, па макулатуры ўсяго ў наяўнасці 36 працэнтаў, адпрацаваным масле – 40 працэнтаў, шкле – 68 працэнтаў. Дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі паабяцаў, што прадпрыемства поўнасцю выканае дзяржзаказ па нарыхтоўцы другаснай сыравіны і зробіць усё, каб справіцца і з заданнямі па дзяржпраграме.
Па словах Марыны Завадскай, яшчэ больш неспрыяльная сітуацыя ў другога аператара – райпо, якое не выконвае даведзеныя паказчыкі дзяржпраграмы ні па адным пункце. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч аргументаваў нізкія тэмпы збору ДМР тым, што даведзеныя заданні перавышаюць магчымасці. Аднак, сітуацыю будуць таксама выпраўляць.
Некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі, як паведаміла Марына Завадская, ці ўвогуле не прыступілі да збору ДМР, ці робяць гэта абы-як. Агучаныя антыпрыклады маюць магчымасць у бліжэйшы час «рэабілітавацца». Тым больш, у раёне праходзіць месячнік па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Першы намеснік старшыні райвыканкама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці больш актыўнай работы аператараў па зборы ДМР і на ўзмацненні інфармацыйнай работы ў калектывах пра важнасць збору другаснай сыравіны. А старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса прапанаваў больш актыўна прыцягваць для такога кшталту работ прадпрымальнікаў.

Галіна КАНЬКО.