Профі вышэйшай катэгорыі. Нямала такіх і сярод ляхавіцкіх медыкаў

У справе выратавання чалавечага жыцця можна даверыцца толькі сапраўднаму прафесіяналу, чалавеку, які апрануў белы халат  па закліку сэрца. Нямала такіх і сярод нашых  землякоў-медыкаў.

У працоўнай кніжцы старшай медсястры інфекцыйнага аддзялення Алены Бяліцкай (на здымку) значыцца адзін адрас работы: Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца.
Усё пачалося з 1987 года. Малады спецыяліст з дыпломам Баранавіцкага медвучылішча зрабіла першыя самастойныя крокі ў прафесійнай біяграфіі ў якасці патранажнай медсястры Крывошынскай участковай бальніцы.  Потым працавала медстатыстам, і вось ужо амаль чвэрць стагоддзя яе прафесія і лёс звязаны з інфекцыйным аддзяленнем, дзе з 2014 года
працуе старшай медсястрой.

– Адказная, выдатны прафесіянал – мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, карыстаецца павагай сярод калег, а яшчэ шчырая, ініцыятыўная, гатовая ў любой сітуацыі прыйсці на дапамогу. У інфекцыйным аддзяленні – парадак, выконваецца санэпідрэжым, дзякуючы ў многім і старшай медсястры, – упэўнена галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ Ала Туркіна.
Чаму выбрала менавіта медыцыну? Адказ на гэтае пытанне Алена ведала, яшчэ калі вучылася ў школе:
– Хацела лячыць людзей, каб нічога ні ў каго не балела. Ды і ўвогуле, нешта мне падказвала, што медыцына – гэта маё.
Менавіта калектыў інфекцыйнага аддзялення адным з першых уступіў у барацьбу з каранавірусам.
– Так, было страшна. За сваё здароўе, здароўе калег, якія непасрэдна кантактавалі з хворымі. У першыя тыдні пра COVID-19 мала што ведалі: як лячыць (адсутнічаў нейкі агульны алгарытм), якія ўскладненні ён дае і г. д. Не менш важна было не толькі дапамагаць пацыентам, але і самім медыкам прымаць усе меры, каб не заразіцца і заставацца ў страі. Дзякуючы таму, што кіраўніцтва нашай райбальніцы прыняло неабходныя меры прафілактычнага характару, сітуацыю хутка ўзялі пад кантроль, – гаворыць Алена Мікалаеўна.
І цяпер, калі пачалася другая хваля карана-віруса, яна зноў сочыць, каб медсёстры выконвалі ўсе меры прафілактыкі, абавязкова абыходзіць палаты-боксы, дзе лечацца пацыенты, каб пацікавіцца іх самаадчуваннем, дае парады, падказвае і, канешне, супакойвае, падбадзёрвае.
– Амаль кожны дзень бачу, як цяжка хварэюць людзі, прычым незалежна ад узросту. І ўдвая крыўдна, калі, напрыклад, у магазіне нікога, акрамя цябе, няма ў масцы. Навошта падвяргаць небяспецы не толькі сябе, але і сваіх блізкіх, знаёмых. Паверце, больш дзейснага спосабу супрацьстаяць каранавірусу, чым выкананне элементарных правілаў перасцярогі – насіць маску, мыць рукі ці апрацоўваць антысептыкам, захоўваць дыстанцыю – пакуль няма, – адзначае Алена Бяліцкая.
Час паказаў: прафесія, выбраная сэрцам, стала прызваннем. І наша зямлячка ганарыцца тым, што яна адна з вялікай працоўнай сям’і ляхавіцкіх медыкаў. Неаднойчы чула словы ўдзячнасці ад пацыентаў. За добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм партрэт Алены Бяліцкай упрыгожыў сёлета Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.