Ляхавіцкі музей пад адкрытым небам змяніў прапіску

Музей пад адкрытым небам часова змяніў прапіску. У сярэдзіне кастрычніка макеты архітэктурных помнікаў раёна з берага ракі Ведзьма пераехалі на зімоўку ў Дараўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.


Восеньская непагадзь не на карысць стану экспанатам музея. Таму было прынята рашэнне знайсці ім часовы дом.
Дараўскія рабяты задаволены з’яўленню ў сценах школы міні-варыянтаў касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, Святадухаўскай царквы, сядзіб Чарноцкіх і Бохвіцаў, роду Абуховічаў, Чарноцкіх і іншых. Настаўнікі скарысталіся магчымасцю і наладзілі з навучэнцамі завочныя падарожжы па малой радзіме. Урокі на такім фоне не толькі пазнавальна-цікавыя, але і наглядна-пераканаўчыя.
– Знаходжанне ў школе міні-музея і цэнтра па духоўна-маральным выхаванні – удалае спалучэнне дзеля развіцця школьнікаў. Макеты растаўлены ў фае першага і на трэцім паверсе школы і прыцягваюць увагу рабят, якія пачынаюць шукаць ці паглыбляць інфармацыю аб прадстаўленных аб’ектах, – адзначыла дырэктар Дараўскага ВПК Таццяна Жучэня.
Намеснік дырэктара Святлана Бірукова расказала, што нядаўна гасцямі рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаваннi былі дзеці з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу г.Баранавічы. Для рабят правялі экскурсію па ўстанове, пазнаёмілі з дзейнасцю цэнтра. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адправіліся ў завочнае падарожжа па Жыровіцкім манастыры, прынялі ўдзел у квэст-гульні «Жаночы вобраз у праваслаўі. Асаблівую цікавасць выклікала станцыя «Геральдыка беларускіх гарадоў», на якой неабходна было суаднесці гербы беларускіх гарадоў з іх назвамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.