З разлікам на якасць.У СВК «Ляхавіцкі» гаспадарская прадбачлівасць пацвярджаецца эканамічным плюсам

Загадчык МТК «Русінавічы» Мікалай Азімка,
аператар машыннага даення Святлана Гаар.

У СВК «Ляхавіцкі» гаспадарская прадбачлівасць пацвярджаецца эканамічным плюсам. На яго працуе ўвесь калектыў – 246 чалавек.

Сёлета ўраджайнасць збожжавых, якімі было засаджана 1250 гектараў, склала 48 цэнтнераў на круг – і гэта найбольшы выхад зерня на бала-гектар ворыўных земляў у раёне. Галоўны аграном «Ляхавіцкага» Аляксандр Шымкевіч стаў пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Другое месца ў раённым спаборніцтве па выніках жніва сярод маладых вадзіцеляў заняў Павел Кендыш.
За клопат аддзячыў аграрыям СВК «Ляхавіцкі» і рапс: ураджайнасць кожнага з паўтысячы засеяных гектараў дасягнула 35 цэнтнераў алейнага насення.
Бульбасховішча, як заўсёды, запоўнена – накапалі 1642 тоны, адгрузка другога хлеба спажыўцам ідзе поўным ходам.
Асобныя радкі пра жывёлагадоўлю. На месцы старой фермы «Русінавічы» распачата будаўніцтва новага комплексу, дзе размесціцца не менш за тысячу рагуль. Адрамантаваны бычнік у Мыслабажы на 200 галоў, тры сіласныя траншэі. Галоўны заатэхнік СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык адзначае, што аснова важкіх надояў – якасныя кармы. Іх нарыхтавалі дастаткова і ў розных варыянтах: закансервавалі ў рулонах, сянажных траншэях, зялёных ямах. За дзесяць месяцаў валавы надой на карову склаў 7367 тон, а сярэднія прывагі БРЖ – 754 грамы.
Комплекс «Русінавічы» ўзначальвае Мікалай Азімка. Тут надой на адну рагулю – 7973 тоны. Ведаюць, як знайсці малочны падыход да сваіх падапечных, аператары машыннага даення Вольга Грыкель і Зоя Сяцько.
1121 цяля з’явілася за дзесяць месяцаў у сельгаспрадпрыемстве. Іх, быццам малых дзетак, даглядаюць цялятніца Галіна Рокач і аператар машыннага даення Святлана Гаар. Падгадуюць – і перадаюць на далейшае выхаванне цялятніцам Надзеі Асаскала і Людміле Працюк.
Неаднойчы прызнаваліся лепшымі ў сваёй справе ветурач-гінеколаг Сяргей Белавус, аператары па штучным асемяненні БРЖ Іван Патаповіч і Іван Буйко. Кармавая група ў складзе Міхаіла Жарскага і Віктара Касмовіча дастаўляе па фермах гаспадаркі смачныя абеды рагулям.
Пералік працавітых і добрасумленных работнікаў можна працягваць і далей.
– Кожны з маіх калег-землякоў разумее, што робім адну галоўную справу. Таму стараюцца, зацікаўлена працуюць на вынік. У сваю чаргу, пралічваем кожны крок, каб не прагадаць, не страціць, – падкрэслівае старшыня СВК Іван Вітко. А ён у кіраўніцкай справе ведае толк – летась у абласным конкурсе ўдастоены звання «Лепшы кіраўнік».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар  Валерый Ракашэвіч.