Намеснік старшыні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта па эканоміцы адказаў на пытанні карэспандэнта «ЛВ»

Хоць і невялікае, але сваё, нярэдка разважаем мы, жадаючы падкрэсліць важнасць асабістага і пастаяннага валодання нечым, што, як кажуць, у гаспадарцы спатрэбіцца. Сёння, праз тыдзень, у куды больш аддаленай перспектыве і, магчыма, не па прамым прызначэнні. Розніца ёсць, аднак, правіла працуе за рэдкім выключэннем. А вось выраз «няхай і малы бізнес, але свой» зрабіць для сябе правілам можа далёка не кожны. Не такое ўжо і рэдкае, але ўсё ж гэта больш выключэнне з правіл. Каб зацвердзіцца ў ролі прадпрымальніка, неабходна валодаць патрэбнай камбінацыяй «храмасом»: сваімі светаадчуваннямі, рысамі характару, інтуіцыяй, шанцаваннем таксама.
У той жа час некаторыя працуюць сабе па найме і не здагадваюцца, што недзе ў глыбінях іх душы дрэмле прадпрымальнік. Часам дастаткова акуратнага штуршка, каб яго разбудзіць. А паколькі асабістая справа, несумненна, мае дзяржаўнае значэнне, такіх штуршкоў робіцца нямала і на самым высокім узроўні. Свежы прыклад: у канцы сакавіка ўрад Беларусі падтрымаў комплекс мерапрыемстваў па развіцці ў краіне малога і сярэдняга бізнесу на 2013-2015 гады.
У чым сутнасць дакумента, што ў ім новага, на рашэнне якіх задач ён сарыентаваны ў першую чаргу?
Гэта і многія іншыя пытанні карэспандэнт «Ляхавіцкага весніка» задаў намесніку старшыні раённага выканаўчага камітэта па эканоміцы Уладзіміру ДЗЯЖУРНАМУ.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якія навацыі прадугледжвае згаданы дакумент?
— Палажэнні дакумента хоць і падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі, але ў цесным супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з бізнес-коламі краіны. З улікам іх заўваг, прапаноў, канкрэтных пажаданняў. Поўны спіс уключае больш за 3 дзясяткі мерапрыемстваў, скампанаваных у пяцёрку блокаў: развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, павышэнне ролі малога і сярэдняга бізнесу ў мадэрнізацыі эканомікі, развіццё канкурэнцыі, спрашчэнне кіравання і падаткаабкладання, удасканаленне нацыянальнай сістэмы эканоміка-дзелавой адукацыі. Распрацоўка комплексу заклікана дадаткова стымуляваць прадпрымальніцтва, інтэнсіфікаваць яго развіццё. Прадугледжваецца таксама ўдасканаленне заканадаўства ў галіне рэгулявання агульных пытанняў вядзення бізнесу, рашэнне вузкіх тэм прадпрымальніцкай дзейнасці. Запланаваны, у прыватнасці, дзеянні па абароне ўласнасці, развіцці канкурэнцыі, спрашчэнні некаторых адміністрацыйных працэдур і іншае. Канчатковая мэта — дасягненне прагнозных паказчыкаў развіцця малога прадпрымальніцтва. У канцы 2015 года доля малога і сярэдняга бізнесу ў валавым унутраным прадукце павінна вырасці да 30 працэнтаў, а колькасць занятых у гэтым сектары работнікаў скласці не менш за 1,8 мільёна чалавек.
Адным з прыярытэтаў названа і з’яўляецца кааперацыя малога і сярэдняга бізнесу з буйной прамысловасцю. У тым ліку і па схеме, калі маштабныя прамысловыя, сельскагаспадарчыя, іншага профілю прадпрыемствы ўдзельнічаюць у арганізацыі малых і сярэдніх аб’ектаў гаспадарання. Класічны прыклад, калі арганізацыя грамадскага харчавання на заводзе «аддаецца» ў прыватныя рукі.
Прадугледжана таксама — што асабліва важна — магчымасць па заяўным прынцыпе прадаваць дзяржаўную нерухомую маёмасць прадпрыемству, якое на ўмовах арэнды ажыццяўляе тут сваю дзейнасць на працягу больш як трох гадоў. За неабгрунтаваную адмову ці непрыняцце рашэння для вінаватых уводзіцца адміністрацыйная адказнасць. Пытанне гэта ўздымалася прадпрымальнікамі неаднойчы і на розных узроўнях. Цяпер кропкі над «і» расстаўлены.
— Да заяўленых у якасці арыенціра на канец 2015 года лічбаў прагнозных паказчыкаў Ляхавіччына падабралася ўжо зараз…
— На працягу апошніх некалькіх гадоў у нас назіраецца станоўчая дынаміка. Колькасць землякоў, занятых у прыватным  сектары эканомікі, нязменна павялічваецца. У 2010 годзе такіх было 1287, праз год стала 1438, а за мінулы год прыватны сектар раёна «падрос» яшчэ на 278 працоўных месцаў. З іх у сельскай мясцовасці дадаткова з’явіліся 83 прапановы для працаўладкавання. Дзякуючы, у тым ліку, і дзвюм фермерскім гаспадаркам. У якасці індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгістраваліся 74 чалавекі, было адкрыта 20 малых прадпрыемстваў. На сённяшні дзень у прадпрымальніцкіх структурах занята прыкладна 13 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.
— У якіх сферах дзейнасці малы бізнес раёна праяўляе большую актыўнасць?
— Традыцыйна ў ліку аднаго з фаварытаў прадпрымальніцкай гонкі за прыбыткам застаецца гандаль, які ўяўляецца і з’яўляецца прывабнай прыватнай справай. Аднак, апошнім часам прыярытэты некалькі мяняюцца. На гэтым рынку ўжо дастаткова цесна, сур’ёзная канкурэнцыя. Прыватныя структуры вытворчай накіраванасці рэгіструюцца ўсё часцей. У якасці ілюстрацыі адзначу: зараз больш за 35 працэнтаў прамысловай прадукцыі раёна выпускаецца на малых прадпрыемствах. Займаюцца прыватнікі і вытворчасцю сельгаспрадукцыі, выконваюць рамонтна-будаўнічыя падрады, аказваюць паслугі рознага кшталту. Паралельна з вядзеннем свайго асноўнага згодна са статутам бізнесу прыватныя структуры раёна займаюцца зборам і наступнай рэалізацыяй адходаў. У тым ліку, лому чорных і каляровых металаў. Назаву СТАА «Інтэрлак», ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», СТАА «Ляхавіцкі завод упаковачных матэрыялаў». Усе яны ў мінулым годзе поўнасцю выканалі дзяржзаказ на нарыхтоўку металалому.
З падаткамі сітуацыя выглядае так: кансалідаваны раённы бюджэт прыкладна на 28 працэнтаў фарміруецца прыватным бізнесам.
— Якія з бізнес-структур можна адзначыць асобным радком — як найбольш паспяховыя, асабліва эфектыўныя?
— З года ў год стабільнасцю вызначаюцца ТАА «Трансэлектракамплект», СТАА «Інтэрлак», ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», ПУГП «Гандлёвы дом «Уладзімір» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», фермерскія гаспадаркі «Даманскае» і «Улазавічы», ТАА «Ібіра», ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя». Дарэчы, апошняе прадпрыемства ўжо два гады запар становіцца ў сваёй намінацыі пераможцам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года Брэсцкай вобласці». Адзін раз, магчыма, — выпадковасць, два — паказчык эфектыўнасці.
— Разам з мадэрнізацыяй старых вытворчасцяў і арганізацыяй новых прадпрыемстваў найважнейшай умовай прагрэсу эканомікі называецца неабходнасць рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Вельмі добра, калі прамых, цудоўна — прамых замежных…
— Існуюць планы і пакрокавыя схемы правядзення мадэрнізацыі на многіх прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці. Тое, што чакаецца ў адносінах ільнозавода, можна назваць мадэрнізацыяй, правільней — будаўніцтвам новага цэха льноперапрацоўкі з устаноўкай сучаснага тэхналагічнага абсталявання. Што да прыватных структур, тут кожны вырашае сам. Але відавочны факт: на старым і неаднойчы лечаным кані далёка не паедзеш.
Пра інвестыцыі. Самы значны інвестпраект апошніх гадоў — узвядзенне свінагадоўчага комплексу ЗТАА «БелДан». Прадпрыемства працягвае пашырацца з наступным выхадам на прыблізна ўдвая большую, чым існуе, магутнасць. Гэта выдатны прыклад прамых замежных інвестыцый.
Над пытаннем прыцягнення ў раён інвестсродкаў працуем пастаянна. У сярэдзіне мінулага года, да прыкладу, раён прыняў актыўны ўдзел у Брэсцкім інвестыцыйным форуме. Падзея праходзіла ў рамках выставы-кірмашу «Брэст. Садружнасць-2012». Мы прадстаўлялі там аб’екты нерухомасці, вызначаныя для продажу з мэтай іх наступнага камерцыйнага выкарыстання. Прапаноўваліся таксама зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва новых вытворчасцяў, лагістычных комплексаў, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу… Да некаторых з нашых прапаноў адзначалася цікавасць. Ёсць ужо і праекты канкрэтнага ўвасаблення той цікавасці.
А вось нядаўні продаж палацава-паркавага ансамбля ”Савейкі” і зусім свежы — майстэрняў былога КУСГП ”Ганчароўскі” — ужо рэальнасць.
Пра прыдарожны сэрвіс, Уладзімір Уладзіміравіч. На Ляхавіччыне ён прадстаўлены сціпла і зусім мінімальна…
— Па сціплых стандартах абсталяваныя, месцы кароткага, «з дарогі», адпачынку ёсць. А вось, што тычыцца сучаснага прыдарожнага сэрвісу ў варыянце «усё ўключана», то, канешне, такога ў раёне няма. Пытанне складанае, арганізацыя аб’екта каштуе дорага. Укладанні такога роду з’яўляюцца, як правіла, доўгатэрміновымі. Асабліва з улікам геаграфіі, умеранасці аўтамабільных патокаў на асноўных транзітных магістралях раёна і г.д. Але мы працуем. Прапаноўваюцца, у прыватнасці, зямельныя ўчасткі, патэнцыяльна прывабныя для размяшчэння аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Дзве сумежныя з рэспубліканскай дарогай Р-43 пляцоўкі: непадалёку ад аграгарадка Малое Гарадзішча плошчай каля гектара і ўдвая меншая побач з вёскай Бярозкі. Ёсць і іншыя прапановы зямельных участкаў: для мяркуемага размяшчэння вытворчых магутнасцяў, лагістычных цэнтраў. Існуе таксама і пералік неэфектыўных у выкарыстанні і тых, што не выкарыстоў ваюцца зусім, аб’ектаў раённай камунальнай уласнасці, якія могуць быць перададзены прадпрымальніцкім структурам пад абавязак арганізацыі працоўных месцаў. Звяртайцеся ў райвыканкам, гатовыя і здольныя ўзяцца за справу.
Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *