Мадэрнізацыя — аб’ектыўнае патрабаванне нашага жыцця

У сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт традыцыйна падняў шэраг пытанняў, якія закранаюць практычна ўсе сферы жыцця і хвалююць кожнага з нас. Кіраўнік дзяржавы акрэсліў і задачы на бліжэйшую і аддаленую перспектыву, над якімі неабходна працаваць.
Тое, наколькі сказанае і пачутае блізка і зразумела, пацвярджаюць і меркаванні нашых землякоў.

Мадэрнізацыя — аб’ектыўнае патрабаванне нашага жыцця. З гэтай думкай, выказанай Прэзідэнтам у сёлетнім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, цяжка не згадзіцца.
Спецыялізацыя нашага прадпрыемства даволі вузкая: займаемся землянымі работамі. Тэхналогіі адпрацаваны, і штосьці новае прыдумаць тут вельмі цяжка. Па вялікім рахунку, для паспяховай работы прадпрыемству нашага профілю патрэбна нямногае: добры экскаватар, добры спецыяліст і адказнае стаўленне работніка да даручанай справы. А вось да кожнага з гэтых складальнікаў — самыя сур’ёзныя патрабаванні.
Напрыклад, тэхніку абнаўляем пастаянна, мэтанакіравана працуем у гэтым накірунку ўжо даўно. Самая старая машына ў аўтапарку Ляхавіцкага ПМС — 2000 года выпуску. Калі ў работу ўключаюцца новыя агрэгаты, адразу заўважаецца — і ў першую чаргу па адчувальным павелічэнні прадукцыйнасці працы. Наогул, гэты паказчык па выніках мінулага года на нашым прадпрыемстве склаў 186 мільёнаў рублёў на кожнага працаўніка. Безумоўна, перспектывы для росту ёсць. І мы імкнемся іх выкарыстаць. Напрыканцы мінулага-у пачатку гэтага года набылі ў лізінг 2 новыя бульдозеры, 2 экскаватары. Трактар «МТЗ» атрымалі за кошт бюджэтных сродкаў. Сёлета бяром (таксама ў лізінг) яшчэ 2 бульдозеры, экскаватар. Прычым, лізінг на льготных умовах — своеасаблівы бонус «Брэстмеліявадгаса» за паспяховае выкананне прагнозных паказчыкаў, і на стратныя прадпрыемствы не распаўсюджваецца.
Сёння на любым прадпрыемстве, у любой сферы асабліва актуальныя пытанні рацыянальнага выкарыстання матэрыяльных, фінансавых, працоўных рэсурсаў. Разумная эканомія дае магчымасці дадаткова атрымаць прыбытак, які можна накіраваць не толькі на пакупку новай тэхнікі, але і на добраўпарадкаванне, паляпшэнне ўмоў працы або заахвочванне работнікаў. Апошняе — таксама вельмі важна для паспяховай дзейнасці прадпрыемства: любая новая тэхніка без кваліфікаванага, адказнага і зацікаўленага працаваць менавіта тут спецыяліста — проста жалеза. Канешне, магчымасці ў нас не самыя вялікія, але ініцыятыву і рацыяналізатарства імкнёмся падтрымліваць матэрыяльна. Напрыклад, калі механізатар рамантуе тэхніку якасна і з мінімальнымі расходамі для прадпрыемства (а ў нас ёсць майстры, здольныя ўласнымі рукамі перабраць амаль любы агрэгат), такое, лічу, нельга пакідаць без увагі: сэканоміў грошы прадпрыемству — атрымай даплату.
Сёлета заказалі праект на ўладкаванне душавых кабін у майстэрнях. Плануем, што гэтая зручнасць, пра якую раней нашы працаўнікі маглі толькі марыць, стане рэальнасцю ўжо ў чэрвені — якраз да прафесійнага свята. Да гэтай даты рыхтуем яшчэ адзін падарунак — адкрыццё музея гісторыі меліярацыі Ляхавіччыны. Хочацца, каб наступныя пакаленні ведалі, як усё было. Таксама своеасаблівая мадэрнізацыя — памяці.
Сяргей ЮШКЕВІЧ,
дырэктарУП «Ляхавіцкае ПМС».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *