Сустрэча немясцовага значэння. Чарговы вясковы сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў на мінулым тыдні ў аграгарадку Малое Гарадзішча

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Чарговы вясковы сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння прайшоў на мінулым тыдні ў аграгарадку Малое Гарадзішча. Зала сельскага клуба ледзь умясціла ўсіх яго ўдзельнікаў – прыезджых і тутэйшых.
Ужо трэці раз за дзесяцідзёнку кіраўніцтва раёна – старшыня райвыканкама Мікалай  Мароз і яго намеснікі, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса, а таксама прадстаўнікі розных службаў і арганізацый запрасілі вяскоўцаў на размову па сутнасці. Пра што гаварылі? Усё пра тое ж: што хвалюе, што не задавальняе, хто вінаваты ў вясковых бедах, і што рабіць. І галоўнае – якія перспектывы ў тых, хто жыве і працуе ў аграгарадку.

На пытанне, які аб’ект у Малым Гарадзішчы самы вядомы, многія адкажуць: школа. Яна адна з лепшых у раёне, яе вучні і настаўнікі –
пераможцы многіх конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд. Дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад – сярэдняя школа»
Анжэла Яварчук расказала і пра важкую бюджэтную падтрымку на абнаўленне ўстановы, і пра арганізацыю падвозу школьнікаў, і пра льготы на харчаванне. А яшчэ падзялілася тым, што найбольш хвалюе педагогаў: колькасць дзяцей змяншаецца, сёння ВПК наведвае 91 вучань і выхаванец, напаўняльнасць класаў – ад 3 да 11 чалавек. Прычына не новая: вяскоўцы выязджаюць сем’ямі за лепшай зарплатай. Дырэктара падтрымалі аграгараджане: ніякая прафарыентацыя не затрымае моладзь на вёсцы, калі заробкі будуць невысокія.
А адкуль ім быць высокімі, калі асноўны мясцовы работадаўца – ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» – знаходзіцца на стадыі банкруцтва. Паказчыкі вытворчасці далёка не бліскучыя: за мінулы год статак БРЖ зменшыўся на паўтысячы галоў (у тым ліку мінус 170 кароў), сур’ёзна знізіліся сутачныя прывагі жывёлы і, адпаведна, валавыя прывагі. З плюсам спрацавала малочная жывёлагадоўля, але нават з улікам гэтага за год ад каровы надаілі ў сярэднім 3199 кілаграмаў малака… Адпаведна і зарплата ў 153 работнікаў істотна ніжэй сярэднераённай.
Пра тое, што кіраўніцтва раёна знайшло інвестара, гатовага ўзяцца за адраджэнне тутэйшай сельскай гаспадаркі, многія ўжо чулі. Да навіны паставіліся насцярожана: на памяці мясцовых пераўтварэнне тут далёка не першае. З тых, што перажылі, толку, на жаль, не атрымалася. Так што прадстаўніку патэнцыяльнага інвестара давялося вытрымаць падрабязны допыт: цікавіліся ўмовамі працы і яе аплатай, тым, колькі будзе працоўных месцаў, і каго на іх возьмуць, хто дапаможа сенам для падсобнай гаспадаркі, і да каго звяртацца па пытаннях пасадкі бульбы… Галоўная выснова з выступлення фермера – зарплата будзе добрая, але яе давядзецца зарабіць, а не проста атрымліваць.
– Планы сур’ёзныя, – падкрэсліў кіраўнік раёна Мікалай Мароз. – Адна з умоў, на якіх фермерская гаспадарка прыйдзе ў Малое Гарадзішча, – сацыяльная нагрузка.
Што датычыць жылля, якое сёння стаіць на балансе райаграсэрвіса, яго праінвентарызуюць, зробяць дакументы і перададуць на баланс камунгаса. Нічыйнымі дамы не  застануцца, запэўніла першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч.
Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне – тэма таксама сур’ёзная. Яе абмяркоўвалі з розных бакоў і пунктаў погляду, гаварылі пра пустуючыя дамы і ўключэнне зямлі ў сельгасабарот, могілкі і знесеныя агароджы, аварыйныя дрэвы і нядбайных гаспадароў, планы сельвыканкама і пажаданні вяскоўцаў. Дарэчы, што датычыць добраўпарадкавання, мясцовы сельсавет і старшыня сельвыканкама Вячаслаў Кулак адзначаны з лепшага боку.
На сходзе аграгараджане падзяліліся яшчэ адной набалелай праблемай: другі месяц не працуе магазін райпо – няма прадаўца. Мясцовыя патлумачылі, маўляў, жадаючых не знаходзіцца і таму, што ўмовы работы ў магазіне далёка не зайздросныя – паспрабуй выстаяць дзень за прылаўкам у холадзе. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран запэўніў: у бліжэйшы час пытанне вырашыцца, магазін адкрыецца і будзе працаваць па зручным для насельніцтва графіку. Пакуль гэты зварот застаецца на кантролі.
З 237 малагарадзішчанцаў у 71 статус пенсіянера. Прыкладна чвэрць з іх – на надомным абслугоўванні. Што датычыць сацработнікаў, зала была аднадушная: працуюць добра. Але на запрашэнне дырэктара ТЦСАН Таццяны Равінскай працаўладкавацца на гэтую пасаду жадаючых не знайшлося.
Пра іншыя магчымасці працаўладкавання гаварыў і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса: у раёне 218 вакансій, палова з іх не патрабуе кваліфікацыі.
Каб тутэйшым людзям не шукаць лепшага жыцця і працоўных месцаў у базе вакансій, перад раённай уладай і перад насельніцтвам стаіць важная задача – агульнымі намаганнямі захаваць у аграгарадку і сельгасвытворчасць, і школу, і ФАП, і магазін, і клуб. Усё гэта – і ёсць працоўныя месцы, адзначыў Мікалай Мароз.
Міліцэйская старонка ў сходзе была традыцыйнай: перасцярога ад махляроў, ушчуванні самагоншчыкаў і іншых правапарушальнікаў, заклік захоўваць правілы дарожнага руху. Разбавіў яе прыемны акорд: людзі хвалілі тутэйшага ўчастковага інспектара Віталія Малевіча.
Добрыя словы ў адрас падначаленых прымаў і галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч. А яшчэ адказваў на актуальныя пытанні па вакцынацыі ад каранавіруса і іншыя.
Для аграгараджан сход стаў магчымасцю высветліць сітуацыю і вырашыць шэраг праблем не толькі асабістага плана, але і агульнавясковага значэння. Па пытаннях якасці і напору падачы вады адказ трымаў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»
Андрэй Чайкоўскі, які, акрамя іншага, паведаміў малагарадзішчанцам добрую навіну: сёлета тут будзе пабудавана станцыя абязжалезвання. Але каб поўнасцю зняць водныя пытанні, трэба будзе яшчэ мяняць старыя сеткі.
Пару гадоў назад за кошт дарожнай пошліны быў пабудаваны 6-кіламетровы ўчастак дарогі ад Альхоўцаў да Малога Гарадзішча (ён абышоўся прыкладна у 1,5 мільёна рублёў). Сёння, па словах удзельнікаў сходу, дарожныя праблемы датычаць стану гравійкі, шэрага аграгарадскіх вуліц і ачысткі дарог пасля снегападаў. Даручэнні кіраўніку дарожнай службы Ігару Піліногу – трымаць на кантролі сітуацыю.
Дарэчы, «дзякуй» у гэты вечар гучала і ў адрас камунальнікаў, і дарожнікаў, і раённай улады. Дыялог, нягледзячы на не заўсёды прыемныя тэмы, аказаўся канструктыўным і прадукцыйным.
– Гэта сустрэча вельмі важная. Хачу, каб вы зразумелі: уся наша краіна складаецца вось з такіх сельсаветаў, вёсак, падвор’яў, людзей. І ад таго, як мы спрацуем, напрыклад, тут, у Малым Гарадзішчы, Альхоўскім сельсавеце, Ляхавіцкім раёне, залежыць нямала. Нашу работу за нас ніхто не зробіць, – рэзюмаваў Мікалай Мароз.

Святлана СТЫКУЦЬ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.