З прафсаюзным акцэнтам. Колькі новых прафсаюзных пярвічак створана на Ляхавіччыне ў апошні час

На пытанні землякоў у грамадскай прыёмнай райвыканкама ў мінулую сераду адказвала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
– У нашай краіне роля прафсаюзаў у жыцці як усяго грамадства, так і кожнага чалавека становіцца ўсё больш уплывовай. Прафсаюз –
гэта тая арганізацыя, якая выбудоўвае сацыяльны дыялог паміж наймальнікам і калектывам. Калі на прадпрыемстве ці ў арганізацыі няма пярвічкі, то пры ўзнікненні спрэчнай сітуацыі чалавеку давядзецца самастойна адстойваць свае правы.
А калі ёсць прафсаюз, можна атрымаць юрыдычную падтрымку, і людзі разам адстойваюць свае інтарэсы. Дарэчы, для членаў прафсаюза і сацыяльных партнёраў неабходная юрыдычная дапамога аказваецца бясплатна. Гэта і дапамога ў распрацоўцы калектыўных дагавораў, кантролі за захаваннем дзеючага заканадаўства аб працы, і дапамога канкрэтнаму чалавеку пры звяртанні яго ў суд для абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў без аплаты дзяржпошліны. Узмацняецца і грамадская роля прафсаюзаў. Маніторынг цэн на прадукты харчавання наша арганізацыя праводзіць даўно, цяпер далучаемся і да маніторынгу цэн на лякарствы, – адзначае Тамара Пракап’юк.
Адпаведна ўзгаданай тэме прагучала адно з пытанняў. Ляхавічанка пацікавілася, колькі новых прафсаюзных пярвічак створана на Ляхавіччыне ў апошні час.
Прафсаюзны лідар раёна расказала, што за перыяд з лістапада 2020-га па студзень 2021 года ў Ляхавіцкім раёне прафсаюзныя пярвічкі з’явіліся ў дзевяці арганізацыях недзяржаўнага сектара эканомікі.
А вось жыхара раёна хвалюе, ці вызначана максімальная колькасць выхадных дзён па заканадаўстве, падчас якіх чалавека могуць прыцягнуць да работы.
– Максімальная колькасць выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца ў якасці рабочых, вызначана нормамі артыкула 144 Працоўнага кодэкса – не больш за 12 выхадных дзён у год, –падкрэсліла Тамара Пракап’юк.
– Часта ў выхадныя дні работніка прыцягваюць да разнастайных дзяжурстваў. Наколькі гэта правамерна? – так прагучала наступнае пытанне.
Па словах старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае азна-чэння «дзяжурства», адпаведна, парадак прыцягнення работнікаў да дзяжурства не прапісаны. Аднак, многія практыкі лічаць, што дзяжурства па выхадных днях раўназначна выкананню службовых абавязкаў у выхадны дзень.
Галіна КАНЬКО.