А сэрцы ў беларусаў мірныя. Ляхавіччына адзначыла Дзень Перамогі

Гэты дзень і праз 79 шчаслівых мірных гадоў – самы чаканы, святочны, шчымлівы! Пераможнае 9 мая для кожнага беларуса – стрыжань вечнай памяці, гэта гонар за народны подзвіг, аснова шчаслівага жыцця, гэта вера, што будучыня не зведае вайны. З пакалення ў пакаленне мы перадаём гены міру, гены моцнай нацыі

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Бясконцы палёт
Перадсвяточнымі падзеямі поўнілася жыццё напярэдадні 9 мая. Па кожным адрасе, дзе жывуць сведкі той вайны, завіталі кіраўніцтва раёна, дэпутаты розных узроўняў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, моладзь – увагі шмат не бывае, кожны жадае сказаць сваё дзякуй за мір!


На плошчы Перамогі ў райцэнтры ляхавічан аб’яднаў мітынг, прысвечаны 79-й гадавіне Вялікай Перамогі, «Зямля, апаленая полымем вайны». Сюды прыйшлі мірныя беларусы, каб аддаць даніну павагі пакаленню герояў, тых, на каго сёння раўняемся і каму ўдзячны за шчасце. Кветкі да помніка – мы памятаем і не забудзем подзвіг дзядоў і прадзедаў!


– Беларусь памятае ўсіх сваіх герояў – тых, хто самааддана змагаўся на франтах і здзяйсняў штодзённы працоўны подзвіг у тыле, набліжаючы пераможны май 1945 года. Гэта пацвярджае і сённяшняя падзея – перапахаванне лётчыкаў, якія загінулі ў баях за нашу зямлю. 9 Мая – гэта вялікае свята, сімвал адвагі і стойкасці, бяспрыкладнай мужнасці мільёнаў савецкіх людзей, якія прынялі ўдар і перамаглі, – адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Георгій Хлябовіч.
Вайна не скончана, пакуль не будзе пахаваны яе апошні салдат. Гісторыя не мае тэрміну даўнасці, таму яшчэ адно пацвярджэнне – знойдзеныя астанкі двух лётчыкаў, загінулых 24 чэрвеня 1941 года.
На бамбардзіроўшчыку СУ-2 лётчык 1-й эскадрыллі 97-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка Міхаіл Арсеньеў і стралок-бамбардзір лейтэнант Васілій Гаравой загінулі ў паветраным баі ў першыя дні вайны: над вёскай Падлаззе іх збіў фашысцкі знішчальнік.
Сімвалічна, што ў гэты дзень, калі на плошчы Перамогі пакаленне мірных беларусаў, астанкі салдатаў Вялікай Айчыннай вайны перапахавалі ў брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў.
Немагчыма нават уявіць, што адчуваюць у такія хвіліны родныя, якія больш за восем дзесяцігоддзяў лічылі мужа, бацьку, дзядулю без вестак прапаўшым. Тэлефонны званок аднойчы абвясціў унучцы Арсеньева Алене Паляковай: знайшлі астанкі дзядулі. Сёння яна тут, памяць заўсёды жыла ў іх сям’і, а цяпер гэта гісторыя мае канкрэтны адрас: брацкая магіла на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. «ЛВ» абавязкова падрабязна вернецца да гэтай гісторыі.
– Заўжды шанавалі памяць пра нашага гераічнага дзядулю. Сёння гэта памяць мае ўвасабленне, дзякуючы гісторыка-патрыятычна-тэхнічнаму атраду «Авіяпошук-Брэст», Ляхавіцкаму райвыканкаму – мы ведаем, дзе спачывае наш дзядуля. А тое, з якой павагай і ўрачыстасцю перадалі зямлі загінулых лётчыкаў, гаворыць пра беларусаў, як пра людзей, якія ніколі не адракуцца ад свайго гераічнага мінулага, – падзялілася Алена Палякова.
Кранальна, шчымліва, да слёз… нізка-нізка над плошчай Перамогі праляцеў знішчальнік Су-30 СМ 61-й знішчальнай авіябазы ў памяць пра бясконцы палёт капітана Арсеньева і лейтэнанта Гаравога.

Мы за мір!
Дзень Вялікай Перамогі ляхавічане па традыцыі сустракаюць на Кургане вечнай Славы. Сюды калонай, упрыгожанай сцягамі Перамогі, дзяржаўнымі флагамі незалежнай Беларусі, прыехалі ўдзельнікі патрыятычнага аўтапрабегу.
Сотні землякоў з інтарэсам назіралі за тэатралізаваным мітынгам-рэквіемам «Мы за мір».
Да слёз краналі сюжэты, якія ажывілі нашы творчыя землякі. Вось той чэрвень, вечна малады і бесклапотны, а вось твар вайны – бязлітасны і крывавы, вось нашы змагаюцца за Перамогу, падбадзёрвае салдатаў агітбрыгада, гучыць ваенная песня, а вось чырвонаармейцы ідуць у наступленне. І – «Ура! Перамога!» Сэрца замірае, нам пашанцавала быць сведкамі толькі тэатралізаванага шэсця, мы сведкі шчаслівага міру!
– Мы ведаем цану вайны. У нашай краіне няма такой сям’і, якую б не закранулі падзеі тых страшных ваенных гадоў. Загінуў кожны трэці беларус. На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знаходзіцца 58 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны. Пачаты і будуць працягвацца работы па рэканструкцыі свяшчэннага для ляхавічан месца – Кургана вечнай Славы. Сёлета мы плануем устаноўку памятнага знака спаленым вёскам, якіх на Ляхавіччыне 48, – павіншаваў са святам Перамогі старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Вядомыя песні пра ваенныя будні, пра цяжкасці баявых дзён, жаданне наблізіць май 1945-га, пра каханне і веру ў лепшае – песні, вядомыя кожнаму, але ж заўсёднай пяшчотай гучаць у сэрцах, нібы ўпершыню. Канцэрт калектываў аматарскай творчасці і выканаўцаў Ляхавіччыны, як заўжды, здзіўляў і дарыў узнёслы настрой.
Па традыцыі нямала прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця сабралі спартыўныя пляцоўкі. Заўжды вакол паказальных выступленняў разведвальна-дэсантнай групы 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады – непадробны інтарэс! Тое ж тычыцца і выставы ваеннай тэхнікі і зброі Заходняга аператыўнага камандавання г. Гродна і 8-й радыётэхнічнай брыгады г. Баранавічы. Дзятва апанавала пытаннямі ваеннаслужачых, з радасцю фатаграфавалася на месцы вадзіцеляў. На розны смак і густ – гэта пра прапанову мясцовага райпо: было ўсяго і ўдосталь!
А вечарам ляхавічан чакала танцавальна-забаўляльная праграма на плошчы Леніна ў райцэнтры.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.