Жалезная дысцыпліна. Зрабіце сваё падарожжа на чыгунцы спакойным

Штодзённа тысячы грамадзян выкарыстоўваюць чыгуначны транспарт.
Асноўным відам злачынстваў, учыненых у цягніках, з’яўляюцца крадзяжы асабістай маёмасці.
Каб пазбегнуць непрыемных сітуацый, неабходна выконваць наступныя рэкамендацыі.

Перш за ўсё, будзьце пільнымі, як правіла, злачынствы ўчыняюцца з-за асабістай няўважлівасці грамадзян.
У грамадскім транспарце не кладзіце сумкі і іншыя каштоўныя рэчы на сядзенні побач з сабой і не стаўце іх на падлогу. Выходзячы з транспарту, сумку прыціскайце да сябе.
Не трымайце грошы і асабістыя дакументы ў задніх кішэнях штаноў, поліэтыленавых пакетах. На вакзалах і станцыях не пакідайце без нагляду свае рэчы, не давярайце іх незнаёмым людзям. Грошы, дакументы, мабільныя тэлефоны і іншыя каштоўнасці трымайце толькі пры сабе.
У цягніку ні ў якім выпадку не пакідайце дакументы, грошы без нагляду на століках, у кішэнях верхняга адзення. Сумкі, чамаданы, іншыя габарытныя рэчы кладзіце толькі ў спецыяльна адведзеныя месцы для захоўвання рэчаў. Рыхтуючыся да сну, закрывайце дзверы купэ на замок.
У дарозе не ўступайце ў размову з грамадзянамі, якія прапануюць абмяняць замежную валюту, не набывайце рэчы ў асоб, якія ажыццяўляюць незаконны гандаль, не распівайце спіртныя напіткі. Калі карыстаецеся прыгарадным цягніком вечарам або ноччу, выбірайце добра асветленыя вагоны, у якіх ёсць пасажыры.
Калі ў адносінах да вас учынена супрацьпраўнае дзеянне або вы сталі сведкай злачынства, заўважылі безгаспадарныя прадметы або любыя пагрозы грамадскаму парадку і бяспецы, неабходна неадкладна паведаміць пра гэта супрацоўніку транспарт-
най міліцыі або работніку чыгуначнага транспарту.
Яшчэ адзін від злачынства – накладанне старонніх прадметаў на чыгунку, крадзяжы электрычных кабеляў. Гэта ўплывае на бяспеку руху, наносіць значную матэрыяльную шкоду, стварае небяспечныя ўмовы.
Катэгарычна забараняецца:
✓пашкоджваць аб’екты інфраструктуры чыгуначнага транспарту;
✓пашкоджваць чыгуначны рухомы састаў;
✓класці на чыгуначныя пуці староннія прадметы;
✓кідаць прадметы ў састаў, які рухаецца;
✓пакідаць ілжывыя паведамленні пра тэрарыстычныя акты на аб’ектах чыгуначнага транспарту.
За такія ўчынкі прадугледжана крымінальная адказнасць.
Так, наўмысныя разбурэнне, пашкоджанне сродкаў чыгуначнага і іншага транспарту, шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі або сувязі, іншага транспартнага абсталявання, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю ці іншыя цяжкія наступствы, караюцца штрафам або арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, пазбаўленнем волі на той жа тэрмін (арт. 309 КК).
Тыя ж дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання ці шкоду ў асабліва буйным памеры, караюцца штрафам, арыштам, пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў; дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
Згаданыя вышэй дзеянні, расцэненыя Крымінальным кодэксам як акт тэрарызму ці дыверсія, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам або без яго.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.