Песня гучыць у інтэрнэце. Ляхавічане ў спісе дэпламантаў прэстыжнага конкурсу

Імёны ляхавічан ізноў гучаць у спісе лепшых у замежных конкурсах. На гэты раз землякі атрымалі творчую перамогу ва Усерасійскім завочным конкурсе вершаў і песень «Я люблю цябе, жыццё!» памяці Іосіфа Кабзона.

На суд журы была прадстаўлена песня ў выкананні Лізаветы Купрыш з ЦДАДіМ «А зоры ціхія ў бярозавым краі» («Дзяўчынкі мілыя…»), прысвечаная ўсім жанчынам, якія загінулі ў баях з фашысцкімі захопнікамі. Словы песні напісала расійская паэтэса Ірына Савельева, а музыку – наш зямляк, кампазітар і выканаўца Сяргей Купчынскі.
Творчасць ляхавічан была адзначана дыпломамі за выкананне і за музыку.

– Такія конкурсы натхняюць! Асабліва калі тваю работу адзначаюць сярод трох тысяч заявак. Гэта стымул да пастаяннага ўдасканалення і магчымасць пазнаёміцца з творчасцю выканаўцаў і аўтараў з розных краін. Удзячны Таццяне Калацкай, гукарэжысёру Аляксею Савву і аранжыроўшчыку Васілію Бураку, якія дапамагалі запісаць песню, – расказаў Сяргей Купчынскі.

Ірына КУЗЬМІЧ.