Жыллёва-камунальны вынік. У КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» адбыўся выніковы сход работнікаў

Жыллёва-камунальныя сярод паслуг, якімі карыстаецца ў той ці іншай ступені кожны з нас. Таму, напэўна, і пытанняў да камунальнікаў заўжды шмат. Камунальныя праблемы – адны з асноўных, з якімі жыхары нашага раёна звяртаюцца ў грамадскія прыёмныя, на асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі.

Як спрацавала прадпрыемства летась, якія задачы ўдалося вырашыць, з якімі не справіліся, як палепшыць якасць паслуг, як стратныя зрабіць прыбытковымі, ну і, канешне, пра перспектывы гаварылася падчас выніковага сходу работнікаў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога УП «Упраўленне ЖКГ» Аляксандр Максімчук і яго першы намеснік Генадзій Каменец.

Справаздачу аб эканамічных паказчыках за мінулы год Ляхавіцкай ЖКГ у цэлым і асобна кожнага падраздзялення трымала начальнік эканамічна-планавага аддзела жылкамунгаса Алена Ксёнжык. У прыватнасці былі агучаны нявыкананыя паказчыкі: рэнтабельнасць продажу, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, работ і паслуг, чысты прыбытак, не дасягнуты патрэбныя аб’ёмы здачы і вывазу другаснай сыравіны.

Як падкрэсліў Аляксандр Максімчук, асноўны від дзейнасці Ляхавіцкай ЖКГ – аказанне насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг. І важна рабіць іх якасна, своечасова і не забываць пра зніжэнне затрат. За 2020 год на развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна было прыцягнута каля 4,3 мільёна рублёў інвестыцый, што дазволіла павысіць якасць аказваемых ЖКП, выканаць заданне важных дзяржаўных праграм.

Пачнём з жылфонду. На балансе прадпрыемства 237 дамоў (з якіх 146 – у вёсках і аграгарадках), абслугоўваннем якіх і займаюцца тутэйшыя работнікі. Ёсць адзін момант, на які, па словах генеральнага дырэктара абласнога ўпраўлення ЖКГ, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу: большасць зваротаў, што паступіла ад жыхароў Ляхавіччыны наконт работы камунальнікаў, тычыцца парушэнняў тэрмінаў выканання заявак.

На балансе Ляхавіцкай ЖКГ знаходзяцца 237 жылых дамоў, 24 кацельні, 33 водаправоды, 52 артсвідравіны, 9 станцый абязжалезвання, 29 КПС, 4 лазні, гасцініца, 7 КПП, цырульня, швейны цэх, пральня і іншае.

Па асноўных паказчыках эфектыўнасці работы ў камунгаса нямала станоўчых момантаў. Так, пры заданні не менш за пяць працэнтаў зніжэння затрат на аказанне ЖКП насельніцтву ў наяўнасці 9,04 працэнта. Таксама зменшылася колькасць заявак і прэтэнзій на якасць паслуг. Для параўнання: у 2019 годзе зарэгістравана 2179 заявак (з іх 35 пісьмовых прэтэнзій), у 2020 годзе – 1018 (28 прэтэнзій).

Тое, што кацельная гаспадарка (на балансе жылкамунгаса 24 кацельні, з якіх 20 – у сельскай мясцовасці) адназначна спраўляецца, сведчаць факты. За апошнія гады значных збояў і парушэнняў у падачы цяпла ў дамы і кватэры землякоў не адзначалася.

Вышэй запланаванага паказчык па забеспячэнні спажыўцоў пітной вадой, перакрыты план па перакладцы цеплатрас ПІ-трубамі. Справіліся і з заданнем па рамонце пад’ездаў, замене састарэлага асвятляльнага абсталявання і сетак водазабеспячэння, іншым.

У такім важным аспекце, як збор і здача другаснай сыравіны, ёсць пэўныя праблемы. Калі па зборы адходаў пластыку, адпрацаванага масла план выкананы, па зношаных шынах, адходах бытавой тэхнікі і ўвогуле перавыка- наны, то па шкле, а асабліва па макулатуры недабор істот-ны – 89 і 46 працэнтаў адпаведна. Нельга сказаць, што кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ не шукае шляхі вырашэння гэтага важнага пытання: праводзяць растлумачальную работу сярод
насельніцтва, арганізуюць акцыі. Але ўсё ж патрэбны новыя формы і метады, каб выканаць заданне па нарыхтоўцы другаснай сыравіны.

На балансе камунгаса – тры сельскія лазні і адна гарадская, усе яны па-ранейшаму стратныя. Тым не менш, камунгас стараецца па магчымасці ўдасканальваць гэту паслугу: за апошні час на бягучы рамонт зрасходавана каля 40 тысяч рублёў. Генеральны дырэктар «Упраўлення ЖКГ» паставіў неадкладную задачу: прыкласці ўсе намаганні, каб стратаў ад сельскіх лазняў не было ўвогуле.

Яшчэ адно падраздзяленне, з-за якога ЖКГ мінусуе ў па-казчыках, – гасцініца, якая за 2020 год адзначылася стратамі ў 45 тысяч рублёў. У залік камунгасу можна адзначыць, што зроблены касметычны рамонт, для зручнасці наведвальнікаў адкрыта кафэ, ды і каэфіцыент запаўняльнасці павялічыўся ў параўнанні з папярэднімі гадамі і склаў 27,7 працэнта, задача – дасягнуць 50 працэнтаў.

«Бытоўка» – таксама частка Ляхавіцкай ЖКГ. На жаль, яна па-ранейшаму з’яўляецца баластам і бадай самым стратным падраздзяленнем (толькі за мінулы год страты склалі больш за 90 тысяч). У разрэзе самы меншы мінус па аказанні паслуг – у цырульні. Хаця калі параўноўваць з 2019 годам, то летась, нягледзячы на пандэмію каранавіруса, якая істотна зменшыла колькасць кліентаў, справы ішлі нядрэнна. Куды з большым мінусам спрацавалі комплекснапрыёмныя пункты (іх у раёне сем), швейны і пральны цэхі.

Па словах Аляксандра Максімчука, кіраўніцтву Ляхавіцкай ЖКГ неабходна яшчэ раз прапрацаваць вынікі работы па аказанні бытавых паслуг. Магчыма, аптымальным варыянтам стане перадача іх прыватнікам. Што тычыцца КПП, то, напэўна, без аптымізацыі не абысціся. Ці варта паспрабаваць скааперавацца з магазінамі райпо. Пры гэтым неабходна ўлічваць і той фактар, што такія паслугі трэба захоўваць, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Кіраўнік раёна Мікалай Мароз адзначыў, што жылкамунгасу неабходна больш шырока выкарыстоўваць магчымасць вырабляць і рэалізоўваць уласную прадукцыю. Напрыклад, жалезабетонныя агароджы, якія робяць у ЖКГ, можна ўсталёўваць на фермах.

– Адназначна, прадпрыемства працуе стабільна і вынікова. За што дзякуй усяму калектыву Ляхавіцкай ЖКГ. Ёсць пэўныя недапрацоўкі па некаторых пазіцыях, і трэба правесці канкрэтную работу над памылкамі, каб у далейшым выправіць сітуацыю. Галоўнае – рухацца наперад, не замоўчваць праблемы, а вырашаць іх. У цэнтры ўвагі, у тым ліку і камунальнай, чалавек, пра гэта не варта забывацца, – падкрэсліў Аляксандр Максімчук.

Галіна КАНЬКО.